Семафор 1/610; 2/355; 9/480, 507; 11/238

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАФО́Р (франц. sémaphore ад грэч. sēma знак, сігнал + phoros які нясе),

сігнальнае прыстасаванне. Адрозніваюць С. на чыгунках, што не абсталяваны аўтаблакіроўкай — мачта з рухомымі крыламі, становішча якіх падае сігнал цягніку; С. марскі (рачны) — сігнальная мачта з рэяй (брусам) на ўчастках, дзе суднам дазволены рух у адным напрамку; С. флажковы — спосаб зрокавай сігналізацыі і сувязі, па якім літары, лічбы ці службовыя сігналы перадаюць рухам рук (з флажкамі) сігнальшчыка. У наш час на чыгунцы і аўтадарогах звычайна выкарыстоўваюць святлафор.

Чыгуначны семафор.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОТ ((Gott) Карэл) (н. 14.7.1939, г. Пльзень, Чэхія),

чэшскі эстрадны спявак (тэнар). Нар. арт. ЧССР (1985). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1965, клас К.​Карэніна). Дэбютаваў у 1959. У 1960-я г. саліст т-раў «Семафор», «Апола». Валодае моцным прыгожым голасам. У рэпертуары класічныя арыі, нар. песні, джазавыя балады, сучасныя эстр. песні. Здымаецца ў кіно. Лаўрэат прэмій «Залаты салавей» (7 разоў, з 1963), «Залаты голас Прагі», 1-ы прыз на міжнар. конкурсе эстр. спевакоў у (Сопаце (Польшча, 1964), 1-я прэмія на міжнар. конкурсах песні ў Сан-Рэма (Італія) і Кане (Францыя; абодва (1966).

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАФО́Р (ад святло + грэч. phoros які нясе),

светлавое сігнальнае прыстасаванне для рэгулявання руху на вуліцах, аўтадарогах і чыгунцы.

Адрозніваюць С. каляровыя з сігналамі — зялёным, жоўтым, чырвоным, а таксама сінім, месяцова-белым (на чыгунках); пазіцыйныя — сігналізуюць размяшчэннем аднакаляровых агнёў; камбінаваныя — спалучаюць сігналізацыю колерам і размяшчэннем агнёў. Першае прыстасаванне святлафорнага тыпу ўстаноўлена ў Лондане (1868), трохкаляровы эл. С. — у Нью-Йорку (1918), Маскве (1930). З 1933 мелі ручное пераключэнне сігналаў, з 1951 — аўтаматычнае. На чыгунцы С. выкарыстоўваецца з пач. 20 ст. (выцесніў семафор).

Святлафоры: 1 — з вертыкальным, 2 — з гарызантальным размяшчэннем сігналаў; 3 — з дадатковай секцыяй; 4 — рэверсіўны; 5 — пешаходны; 6 — для рэгулявання руху трамваяў.

т. 14, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)