Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́НЧЫН (Мікалай Іванавіч) (нарадзіўся 28.2.1914, горад Зямлянск Варонежскай вобласці, Расія),
беларускі фізіёлаг. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1966). Доктар біялагічных навук (1955), прафесар (1960). Скончыў Белацаркоўскі сельска-гаспадарчы інстытут (1937). З 1948 у медыцынскіх установах Расіі. З 1959 у Гродзенскім медыцынскім інстытуце (з 1969 прарэктар). У 1966—69 і з 1975 у Інстытуце фізіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы ў галіне фізіялогіі і паталогіі кровазвароту, параўнальнай і эвалюцыйнай геранталогіі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́СА,
штат Індыі, на ПнУ паўвострава Індастан, каля Бенгальскага заліва. Плошча 155,8 тысяч км². Насельніцтва 30,06 млн. чалавек. (1988), гарадскога больш за 8,0%. Адм. ц. — горад Бхубанешвар. Найбольшыя гарады Катака, Рауркела, Берхампур. Размешчаны ў далінах рэк Маханады, Брахмані, Байтарані. На рацэ Маханады з найбуйнейшай у свеце земляной дамбай вадасховішча Хіракуд (1957). Горная частка штата — плато Чхота-Нагпур, адгор’і Усходніх Гатаў.
Клімат субэкватарыяльны, мусонны (ападкаў 1500 мм за год). Галоўныя сельска-гаспадарчыя культуры: рыс, пшаніца, проса, кукуруза, джут, батат, цукровы трыснёг. Лесаводства. Рыбалоўства. Развіты горназдабыўная (храміты, графіт, марганцавыя руды, кварцыты, даламіты, жалезныя руды і іншыя), металургічная і металаапрацоўчая (чорныя металы, ферасплавы, алюміній), хімічная (мінеральныя ўгнаенні), папяровая, лесахімічная і тэкстыльная прамысловасць, вытворчасць шкла, цэменту. Рамёствы. Турызм у Залатым Трохвугольніку (Канарак, Пуры, Бхубанешвар).