ПАЛЮ́ЦЫІ (лац. polluo, pollutio пэцканне, забрудненне),
міжвольнае семявывяржэнне, не звязанае з палавым актам. Бывае ў начны і дзённы час. Начныя П. — нармальная фізіял. з’ява, у падлеткаў сведчаць пра дасягненне імі пэўнага этапу палавога выспявання. У дарослых мужчын бываюць пры палавым устрыманні. Дзённыя П. падзяляюцца на адэкватныя і неадэкватныя. Адэкватныя бываюць пад уздзеяннем сексуальна-эратычнага ўзбуджэння (напр., ласкі, пацалункі), неадэкватныя ўзнікаюць пад уплывам несексуальных раздражняльнікаў станоўчага і адмоўнага характару (весялосць, хваляванне, страх і інш.). Дзённыя неадэкватныя П. патрабуюць спец. лячэння.
І.У.Дуда.
т. 12, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпер... + сексуальнасць),
значна павышаная палавая схільнасць. Асобы, у якіх адзначана гіперсексуальнасць, маюць высокую палавую ўзбуджальнасць і гатовыя да сексуальных рэакцый пад уздзеяннем нязначных (але адэкватных) знешніх раздражняльнікаў. Звычайна абумоўлена расстройствам нейрагумаральнай або псіхічнай функцыі пры палавым акце. Праяўленні гіперсексуальнасці характэрны для некаторых узроставых перыядаў (гіперсексуальнасць пубертатная, або юнацкая, гіперсексуальнасць клімактэрычнага перыяду). Выражаная гіперсексуальнасць назіраецца пры некаторых эндакрынных (пухліны наднырачнікаў, палавых залоз і інш.) і псіхічных (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія і інш.) захворваннях, дыэнцэфальных парушэннях. Характэрна таксама для німфаманіі (у жанчын) і сатырыязу (у мужчын), што часта развіваюцца на фоне розных псіхічных ненармальнасцей. Для юнацкай гіперсексуальнасці (з узростам праходзіць) характэрна празмерная фіксацыя псіхікі на сексуальна-эратычных уражаннях і фантазіях, якія суправаджаюцца спантаннымі эрэкцыямі і частымі палюцыямі. Мастурбацыя пры гэтым мае сурагатнаахоўную накіраванасць на пазбаўленне ад залішняй палавой узбуджальнасці.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭЙДАМАРКСІ́ЗМ,
кірунак у фрэйдызме, прыхільнікі якога імкнуліся да аб’яднання вучэнняў К.Маркса і З.Фрэйда. Асн. яго прадстаўнікі (В.Райх, Г.Маркузе) абгрунтоўвалі мэтазгоднасць сінтэзу палажэнняў марксізму і фрэйдызму тым, што гэтыя вучэнні з’яўляюцца аднолькава крытычнымі і рэвалюцыйнымі. Распрацаваная Райхам «сексуальна-эканам.» тэорыя не абмяжоўвалася даследаваннем асобнага чалавека, а пашыралася на сац.-паліт. сферы грамадства — аўтарытарныя інстытуты, сац.-эканам. адносіны паміж людзьмі, ідэалагічныя рухі, у т. л. фашызм. Паводле Ф., сац. рэвалюцыя павінна арганічна спалучацца з рэвалюцыяй сексуальнай, што прывядзе да вызвалення індывідаў ад маральных, сац. і эканам. абмежаванняў; толькі сексуальнае разняволенне здольна вызваліць ад канфармісцкіх тыпаў характару, што фарміруюцца наяўнымі формамі грамадства і сям’і, і прадухіліць таталітарызм і «субліміраванае рабства». Радыкальную версію Ф. прапанавалі Ф.Гватары і Ж.Дэлёз, якія распрацавалі тэорыю шызааналізу, які, на іх думку, закліканы дапамагчы людзям цалкам вызваліцца ад канфармізму і адкрыць шлях да здзяйснення іх жаданняў.
Літ.:
Маркузе Г. Эрос и цивилизация: Пер. с англ. Киев, 1995;
Райх В. Психология масс и фашизм: Пер. с нем. СПб., 1997;
Яго ж. Сексуальная революция: Пер. с нем. СПб.;
М., 1997;
Яго ж. Функция оргазма: Пер. с нем. СПб.;
М., 1997.
І.В.Катляроў.
т. 16, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)