Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТЭ́Т (ням. Sextett ад лац. sextus шосты),
1) ансамбль з 6 выканаўцаў. На Беларусі ў 1962—71 існаваў С. домраў, які даў пачатак камерна-інстр. ансамблю Белтэлерадыёкампаніі.
2) Музычны твор для 6 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і септэт). Першы вядомы С. належыць Д.Бакерыні. Найб. пашыраны струнныя С., існуюць таксама С. для духавых, нар. і інш. інструментаў. Звычайна маюць санатна-цыклічную форму, пашыраны і інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя С. І.Брамса, Ф.Мендэльсона, А.Дворжака, П.Чайкоўскага, А.Шонберга. Вакальныя С. сустракаюцца пераважна ў операх («Дон Жуан» В.А.Моцарта). У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці М.Аладава, Я.Касалапава, П.Падкавырава, Р.Пукста, М.Шнейдэрмана і інш. 3) У вершаскладанні — тое, што шасцірадкоўе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМСТРАНГ (Armstrong) Луі Даніэл (4.7.1900, г. Новы Арлеан — 6.7.1971),
амерыканскі трубач і спявак. Арганізатар і ўдзельнік першых негрыцянскіх джаз-бандаў у Новым Арлеане. У 1947 засн.секстэт «Усе зоркі Луі Армстранга», гастраліраваў з ім і як саліст-трубач у краінах Амерыкі, Еўропы, Афрыкі. Стварыў уласны стыль выканання, для якога характэрны імправізацыйная свабода, разнастайнасць тэмбравых фарбаў і рытмаформул. Аўтар блюзаў і джазавых песень.
Літ.:
Коллиер Дж.Л. Луи Армстронг: Америк. гений: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТЭ́Т (ад лац. septem сем),
1) ансамбль з 7 выканаўцаў.
2) Муз. твор для 7 выканаўцаў (інструменталістаў або вакалістаў); адзін з відаў камернай музыкі (як і квартэт, квінтэт і секстэт). Для С. характэрна санатна-цыклічная форма, пашыраны інш. цыклічныя (сюіта) і нецыклічныя формы. Найб. вядомыя септэты Л.Бетховена, І.Гумеля, П.Хіндэміта, І.Стравінскага. Вакальныя С. пераважна ўваходзяць у оперы. У бел. музыцы прадстаўлены ў творчасці Я.Касалапава, П.Падкавырава, М.Русіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАСЦІРАДКО́ЎЕ, секстэт,
страфа з 6 вершаваных радкоў, звязаных 2, 3 ці 1 рыфмамі або толькі клаўзацыяй (у белым вершы). Найчасцей у Ш. сустракаюцца наступныя схемы рыфмоўкі: абабвв, аБаБаБ (секстына), ААбВВб (рансарава страфа), ааббвв і інш., напр.:
І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася святло.
(М.Багдановіч. «Вераніка»)
Ш. шырока карыстаўся Я.Колас («Партызанская песня», «Наша сяло» і інш.). Ш. можа выступаць і ў выглядзе монастрафы (гл.Шасцірадковік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШЧЫ́НСКІ Юзаф (1781, Вільня — 1844),
бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.М.Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.Сальеры і «Белая дама» Ф.А.Буальдзьё, сімфоніі І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр.секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.К.Агінскага і К.Курпінскага).
Літ.:
Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МРА,
старажытнарускі нар. струнны шчыпковы муз. інструмент. Найб. пашырана ў 16—17 ст. Мела грыф, авальны корпус. Як сольны і ансамблевы інструмент выкарыстоўвалася скамарохамі, якія стварылі сям’ю Д. (домрышка, Д., Д. басістая). У 2-й пал. 18 ст. паступова знікла. У сучасным выглядзе рэканструявана В.Андрэевым (1896). Мае паўсферычны корпус. кароткую шыйку з грыфам, на якім прарэзаны метал. лады, галоўку з калкамі, 3 метал. струны. Гук здабываецца плектрам. На аснове гэтай Д. ў 1896—98 С.Налімаў стварыў сям’ю аркестравых Д., якая стала асновай Велікарускага аркестра імя Андрэева. У 1908 Р.Любімаў і С.Бураў стварылі струнную Д. Абедзве разнавіднасці выкарыстоўваюцца ў аркестрах рус.нар. інструментаў. На Беларусі прафес. і самадз. музіцыраванне на Д. (сольнае, ансамблевае, аркестравае) развіваецца пераважна ў гар. асяроддзі. Секстэт Д. працаваў на Бел. тэлебачанні і радыё. Класы Д. ёсць у муз.навуч. установах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус.нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б.СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел. музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел.нар. песень у выкананні Л.Александроўскай, І.Балоціна, М.Дзянісава, Р.Млодак, В.Несцярэнкі, М.Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел. радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.Лабанок (з 1938), Г.Жыхараў (з 1946), Л.Смялкоўскі (з 1960), А.Халшчанкоў (1976—79), Я.Валасюк (1983—91), А.Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.Радзько, Т.Пячынская. В.Кучынскі, А.Золатава.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.
Н.Я.Бунцэвіч.
Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.