Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.