Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 4(17).12.1905 да 1(14).1.1915 у Вільні на рус мове штодзённа. Працягвала праграму віленскай газ.«Северо-Западное слово» ў больш радыкальным кірунку, асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. Асвятляла рэв. рух у краі, крытыкавала сац. несправядлівасць капіталізму, апартунізм і непаслядоўнасць бурж. лібералізму, выкрывала вялікадзярж. палітыку чарнасоценцаў і акцябрыстаў, польскіх нацыяналістаў. У гады рэакцыі прытрымлівалася тактыкі асцярожнай апазіцыі да царызму. Мела аддзелы «Тэатр і музыка», «Бібліяграфія», рэцэнзавала спектаклі, канцэрты, маст. і навук. л-ру. Змяшчала творы Л.Андрэева, М.Горкага, А.Купрына, Л.Талстога, А.Чэхава, Шолам-Алейхема, а таксама польскіх (Э.Ажэшка, У.Рэймант), франц. (Гі дэ Мапасан, Э.М.Прэво), амер. (М.Твэн), аўстр. (Р.М.Рыльке, А.Шніцлер) і інш. пісьменнікаў. Прапагандавала рэаліст. традыцыі айч. л-ры. Станоўча ацэньвала творчасць пісьменнікаў М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, М.Салтыкова-Шчадрына, А.Герцэна, М.Чарнышэўскага, артыстаў В.Камісаржэўскай, Ф.Шаляпіна. Негатыўна ставілася да сімвалізму, натуралізму, дэкадэнцкіх плыняў у мастацтве. Выказвалася за права беларусаў на сваю нац. культуру. Паведамляла пра заснаванне, дзейнасць, судовае праследаванне газ. «Наша ніва», пра стварэнне бел.культ.-асв. арг-цый, бел.тэатр.-муз. вечары, дзейнасць Бел.тэатр.-муз. гуртка. Апублікавала арт. У.Самойлы (пад псеўд. У.Суліма) у абарону моўна-нац. самавызначэння беларусаў. Друкавала вершы і пераклады мясц. літаратараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНЫЙ КРАЙ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальналіберальнага, з сярэдзіны 1904 рэв.-дэмакр. кірунку, у 1905 трыбуна мясц. арг-цыі РСДРП. Выдавалася з 1(14).11.1902 да 8(21).12.1905 у Мінску на рус. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец М.Мысаўской, з 28.10.1905 выдавец В.Мысаўская, рэдактар І.Фацінскі. Узнікла на аснове пашырэння праграмы газ.«Минский листок». Выступала ў абарону сац.-паліт. і эканам. правоў працоўных, змагалася за дэмакратыю і нац. раўнапраўе. Інфармавала пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, крытычна асвятляла дзейнасць урада і мясц. улад.
Пад уплывам рэв. сітуацыі перайшла ад прапаганды ліберальных рэформ да радыкальнай крытыкі сац.-паліт. ладу Расіі. Перадрукоўвала або пераказвала Праграму РСДРП, артыкулы У.І.Леніна. За газетай быў наладжаны сакрэтны нагляд, на яе рэдактара і супрацоўнікаў ішлі даносы ў сталіцу. У ліп. 1905 Мысаўской быў арыштаваны, а выданне газеты прыпынена. Паводле Маніфеста 17 кастр. 1905 і пад уплывам рэв. руху ў Мінску газета адноўлена. Яна прапагандавала рэалістычныя і дэмакр. традыцыі ў мастацтве, рус. класічную л-ру, творчасць А.Пушкіна, М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, А.Чэхава, У.Караленкі, Л.Талстога, М.Горкага, Л.Андрэева, асвятляла тэатр. і муз. жыццё Мінска, друкавала ў пераказе даклады і дыскусіі на сходах Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, творы мясц. аўтараў (Д.Бохана, А.Пшчолкі, Я.Окуня і інш.). Мела рубрыкі «Кніжны агляд», «Навуковыя гутаркі». Апублікавала даследаванне Л.Аксельрод (пад псеўд. Артадокс) «Аб праблемах ідэалізму», нарысы Д.Мейчыка па гісторыі права, верш Я.Купалы «Мужык» — першы друкаваны твор паэта, нарысы і бел. легенды ў запісах К.Каганца, адзначала папулярнасць вершаў Цёткі (А.Пашкевіч) «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам».
Літ.:
Рожин Н.В. Газета «Северо-Западный край»: Очерк обществ.-полит., филос. и эстет. позиции, 1902—1905 гг.Мн., 1970;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-паліт. газета акцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 10(23).11.1915 да 30.4(13.5).1916 у Мінску на рус. мове штодзённа. Падтрымлівала палітыку ўрада, асвятляла дзейнасць цэнтр. і мясц. органаў улады. Друкавала паведамленні пра ваен. дзеянні ў Расіі і яе саюзнікаў у час 1-й сусв. вайны. Прапагандавала ідэю сац. і нац. міру, адзінага патрыят. фронту для перамогі ў вайне.
Адмаўляла нац. і культ. самастойнасць беларусаў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў Мінску. Друкавала вершы і нарысы мясц. аўтараў, якія з рэліг. і патрыят. пазіцый сцвярджалі ўпэўненасць у ваен. перамозе Расіі. Спрабавала выкарыстаць класічную л-ру з кансерватыўна-ахоўніцкімі мэтамі, І.Тургенева і інш.рус. пісьменнікаў называла «вялікімі нацыяналістамі зямлі рускай». Вяла палеміку з газ. «Минский голос», «Минская газета-копейка» і «Варшавское утро» па ідэалаг. матывах і з-за канкурэнтных меркаванняў.