Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА (Brassica),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.
К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 мвыш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 смдаўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.