Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ДАВА,
возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 30 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,74 км², даўж. каля 2,1 км, найб.шыр. 660 м, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 6,3 км. Пл. вадазбору 5,25 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на З 10—16 м), пераважна разараныя. На ПдЗ і З пойма шыр. да 200 м. Берагі нізкія, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. 2 астравы агульнай пл. 0,4 га. Дно выслана гліністым ілам, мелкаводдзе пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай у воз. Доўгае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БКІ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз.Свядава, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс (Літва); чыг. ст. на лініі Полацк—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 145 км ад Віцебска. 343 ж., 151 двор (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 32 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 2,6 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 53,7 м (самае глыбокае на Беларусі), даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 30,4 км². Катлавіна глыбока (на 70—80 м) урэзана ў тоўшчу марэнных адкладаў, схілы выш. да 30 м (на ПнЗ і ПдУ да 10 м), пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтр.ч. возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усх. і зах. берагоў месцамі выслана валунамі. Пяскі да глыб. 10—15 м, глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай ч. змяняюцца глеямі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная Маса адметная вял. колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі т-рамі; у летні час паверхневы слой вады да глыб. 7—8 м праграваецца да 18—20 °C, ніжэй за 20 м — да 5—6 °C. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шыр. да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 5—7 м. Жывёльны свет багаты, адзначаны пасяленні баброў, ёсць рэлікт ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каб захаваць унікальны вадаём, возера і прыбярэжная тэр. аб’яўлены гідралаг. заказнікам Доўгае. На Пн і ПнЗ упадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на Пд выцякае ручай у воз. Шо.