Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ АЎСТРА́ЛІЯ (Western Australia),
штат на З Аўстралійскага Саюза. Пл. 2525,5 тыс. км2. Нас. 1687,3 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Перт. Б.ч. паверхні — плато выш. 400—500 м, занятае пераважна пустынямі (Гібсана, Вялікая Пясчаная, Вялікая пустыня Вікторыя) з зараснікамі скрэбу і салёнымі азёрамі, на Пн — саваннай. На плато асобныя горы і хрыбты, у т.л. хр. Хамерслі (1226 м). На Пн адасобленае плато Кімберлі. На ПдЗ невял. раён з хрыбтамі Дарлінг і Стэрлінг (1109 м). Найб. развіты здабыча жал. руды (Ямпі-Саўнд, Пілбара і інш.), баксітаў (Дарлінг, Бугенвіль, Мітчэл), золата (Калгурлі, Тэлфер, Норсмен), алмазаў, нікелю, марганцу, медзі, малібдэну, хрому, каменнага вугалю, нафты і прыроднага газу. Перапрацоўка і абагачэнне руд. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, хім., харч., дрэваапр. і лесапільная. Асн. прамысл. цэнтры: Перт, Фрымантл, Куінана, Калгурлі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — авечкагадоўля воўнавага кірунку (каля 30 млн. галоў авечак). Апрацоўваецца каля 4 млн. га зямель, пераважна на ПдЗ. Вырошчваюць пшаніцу, авёс, ячмень. Садоўніцтва, вінаградарства. На Пн у даліне р.
Орд арашальнае земляробства (бавоўна, рыс, цукр. трыснёг). Гал. марскі порт — Фрымантл-Куінана.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс. км². Нас. 5255 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-ра студз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на У т-ра студз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн. га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн. т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс. км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.
М.С.Вайтовіч.
т. 4, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)