КРЫМІНАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Галоўнай задачай крымінальнага заканадаўства з’яўляецца абарона міру і бяспекі чалавека, яго правоў і свабод, уласнасці, правоў юрыд. асоб, прыроднага асяроддзя, грамадскіх і дзярж. інтарэсаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь і ўстаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў, а таксама прадухіленне такіх замахаў і выхаванне грамадзян у духу выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Грунтуецца на прынцыпах законнасці, роўнасці грамадзян перад законам, непазбежнасці пакарання, справядлівасці і гуманізму. Складаецца з нарматыўна-прававых актаў, што ўстанаўліваюць падставы і прынцыпы крымін. адказнасці, вызначаюць, якія грамадска небяспечныя дзеянні прызнаюцца злачынствамі і якія пакаранні прадугледжваюцца за іх учыненне, а таксама падставы вызвалення ад крымін. адказнасці і пакарання.
Гал. крыніца крымін. заканадаўства — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і нормы міжнар. права, а асн. заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін. права, — Крымінальны кодэкс (КК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 9.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2001. Ён замяніў КК 1960, які меў шэраг палажэнняў, што супярэчылі агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнар. права ў галіне абароны правоў чалавека (напр., крымін. адказнасць за парушэнне пашпартных правіл, прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць і камерцыйнае пасрэдніцтва, адказнасць за антысав. агітацыю і прапаганду). У новым КК праведзена строгая дыферэнцыяцыя крымін. адказнасці, забяспечана адпаведнасць крымін.-прававых забарон умовам рыначнай эканомікі, створана база для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. КК складаецца з Агульнай і Асаблівай частак.
Нормы Агульнай часткі ўтрымліваюць асн. палажэнні аб злачынстве і крымін. адказнасці. У ёй вызначаюцца задачы і прынцыпы крымін. заканадаўства, парадак яго дзеяння ў часе, паняцці злачынства і яго віды, падстава крымін. адказнасці, падрыхтоўка да злачынства і замах на яго, саўдзел у злачынстве, паняцце крымін. адказнасці і формы яе рэалізацыі, віды пакаранняў, падстава і ўмовы вызвалення ад крымін. адказнасці і пакарання. Асобна рэгламентуюцца пытанні крымін. адказнасці непаўналетніх. Асаблівая частка дае вычарпальны пералік дзеянняў, якія прызнаюцца злачынствамі, і памераў пакарання за іх учыненне. Яна складаецца з раздзелаў, нормы якіх групуюцца зыходзячы з аб’екта абаронных грамадскіх адносін: «Злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы», «Злачынствы супраць чалавека», «Злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці», «Злачынствы супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя», «Злачынствы супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва», «Злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі», «Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі», «Злачынствы супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання», «Злачынствы супраць ваеннай службы». Структура Асаблівай часткі адлюстроўвае новую іерархію сац. каштоўнасцей: спачатку ідуць нормы, якія забяспечваюць крымін.-прававую абарону чалавека, потым грамадства і толькі потым дзяржавы. Цяпер найб. каштоўным аб’ектам абароны становіцца не дзяржава і яе інтарэсы, а чалавек, яго жыццё, здароўе, свабода, гонар і годнасць, уласнасць. Зыходзячы з гэтага, будуецца сістэма санкцый Асаблівай часткі КК.
Літ.:
Уголовное право. Общая часть. Мн., 2002;
Уголовное право Республики Беларусь. Особенная часть. Мн., 2002;
Комментарий к Уголовному кодексу Республики Беларусь. Мн., 2003.
М.А.Савановіч.
т. 18, кн. 2, с. 134