А́ЛЕ ((Alle) Аўгуст) (31.8.1890, г. Вільяндзі, Эстонія — 8.7.1952),

эстонскі пісьменнік. Скончыў Тартускі ун-т (1937). Друкаваўся з 1911. Дэбютаваў рамант.-сімвалісцкімі вершамі з міфалаг. матывамі (зб. «На астравах адзіноты», 1918; «Ліловы слон», 1923). Развіваў жанр сатыр. эпіграмы, востра антыфаш. ў гады Айч. вайны. Аўтар зб. вершаў «Carmina barbata» (1921), «Мутныя хвалі» (1930), «Суровыя рытмы» (1934), «Эпіграмы» (1944) і інш. У 1946—52 рэдактар час. «Looming» («Творчасць»). Паасобныя вершы Але перакладзены на бел. мову.

Тв.:

Сатира и лирика. Таллинн, 1960.

Н.​Басель.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГАДА (сапр. Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),

украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.​Гілевіча, У.​Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.​Валасевіч, Р.​Няхай, Я.​Тачыла, В.​Шымук.

Тв.:

Гумор, сатира, лірика. Київ. 1983;

Рус. пер. — За нашими Карпатами. М., 1954.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,

літаратурны кірунак 1840-х г. у Расіі; пачатак рус. крытычнага рэалізму. Тэрмін «Н.ш.» ўпершыню ўжыты Ф.​Булгарыным у зняважлівай характарыстыцы творчасці маладых паслядоўнікаў М.​Гогаля, палемічна пераасэнсаваны В.​Бялінскім як «натуральнае», праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці (арт. «Погляд на рускую літаратуру 1846 г.», «Погляд на рускую літаратуру 1847 г.», «Адказ «Москвитянину», 1847). Ідэйна-маст. прынцыпы: дэмакратызацыя л-ры, пашырэнне яе жыццёвага дыяпазону, выкрыццё грамадскай несправядлівасці, цікавасць да жыцця простых людзей, прызнанне сур’ёзнасці будзённых калізій і інш. Да Н.ш. належалі А.​Герцэн, Дз.​Грыгаровіч, У.​Даль, Ф.​Дастаеўскі, А.​Дружынін, М.​Някрасаў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, І.​Тургенеў і інш. Яны друкаваліся ў час. «Отечественные записки», «Современник», зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2, 1845) і «Пецярбургскім зборніку» (1846), якія сталі праграмнымі. Н.ш. не абмяжоўвалася канкрэтнымі жанрамі, хоць на пачатку пераважаў фізіялагічны нарыс, пазней — аповесць, раман. Паўплывала на выяўленчае (П.​Фядотаў, А.​Агін) і музычнае (А.​Даргамыжскі, М.​Мусаргскі) рус. мастацтва. Традыцыі Н.ш. прасочваюцца ў бел. рэалістычнай л-ры 19 ст. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына і інш.).

Літ.:

Жук А.А. Сатира натуральной школы. Саратов, 1979;

Кулешов В.И. Натуральная школа в русской литературе XIX в. 2 изд. М., 1982.

Н.​В.​Галаўко.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЗАЎ (Іван Мінчаў) (9.7.1850, г. Вазаўград, Балгарыя — 22.9.1921),

балгарскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Правадзейны чл. (з 1881), ганаровы чл. Балгарскай АН (з 1921). Ганаровы д-р філал. н. (1921). Вучыўся ў Калоферскім вучылішчы ў Б.​Петкава (бацькі Х.Боцева), у Плоўдзіўскай гімназіі (1867—68). Удзельнік руху за нац. вызваленне Балгарыі. Жыў у эміграцыі ў Румыніі (1876—77) і Расіі (1887—89). Міністр асветы ва ўрадзе К.​Стаілава (1897—99). У творах з гіст.-гераічнай тэматыкай (зб-кі вершаў «Журба Балгарыі», 1877; «Вызваленне», 1878; цыкл ліра-эпічных паэм «Эпапея забытых», 1881—84, і інш.) і сац.-сатырычных (раман «Новая зямля», 1896, і інш.) панарама нац. жыцця на працягу паўстагоддзя. Заклаў асновы балг. л-ры пасля вызвалення ад тур. іга, даў узоры асн. яе жанраў. Раман-эпапея «Пад прыгнётам» (1889—90, бел. пер. «У ярме», 1955) пра Красавіцкае паўстанне 1876. Аўтар «Аповесцяў і апавяданняў» (т. 1—3, 1891—93), камедый («Шукальнікі цёплых месцейкаў», 1903, і інш.), гіст. драм («Да бездані», 1908; «Барыслаў», 1909; «Івайла», 1913, і інш.). На бел. мову творы Вазава перакладалі У.​Анісковіч, Н.​Гілевіч і В.​Нікіфаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — [Апавяданні] // Скарб. Мн., 1967;

Рус. пер.Соч. Т. 1—6. М., 1956—57;

Избранное. Т. 1—2. М., 1977;

Пестрый мир: Юмор и сатира. М., 1986.

Літ.:

Иван Вазов: Биобиблиогр. указ. М., 1962.

Г.​Я.​Адамовіч.

І.Вазаў.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)