МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,

антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр. сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.​Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр. сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш. рэв. сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.​Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш. сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.

Літ.:

Лавров Н.М. Мексиканская революция 1910—1917 гг. М., 1972;

Knight A. The Mexican revolution. Vol. 1—2. Cambridge, 1986.

Н.​Р.​Кошалева.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬЯ (Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр. Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911), задушэнні мяцяжу П.​Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)