Саннікава Зямля

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЖЭ́ЦКІ (Уладзіслаў Вацлававіч) (26.4.1939, г. Омск, Расія — 28.5.1978),

расійскі акцёр. Скончыў тэатр. студыю пры Омскім дзіцячым т-ры (1955), дзе і працаваў. З 1971 здымаўся ў кіно. Яго мастацтва вызначалася ўменнем па-філасофску асэнсоўваць характары герояў: «Бег», «Салярыс», «Вяртання няма», «Зямля Саннікава», «Да апошняй хвіліны» і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ (Алег Іванавіч) (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),

рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.​Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.

Літ.:

Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЦЭ́ПІН (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 10.3.1926, г. Новасібірск, Расія),

расійскі кампазітар. Скончыў Алма-ацінскую кансерваторыю (1956, клас Я.Брусілоўскага). Вядомы пераважна як аўтар музыкі да кінафільмаў (больш за 80), у т. л. «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская нявольніца» (1967), «Чырвоная палатка» і «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» і «Зямля Саннікава» (1973), «Жанчына, якая спявае» (1978), «За запалкамі» (1980), «Самазабойца» (1983, ФРГ). Сярод інш. твораў: балет «Стары Хатабыч» (1962), аперэта «Залатыя ключы» (1974), мюзікл «Дзве жанчыны і зайздрасць» (1975), камерна-інстр. і арк. творы, песні (больш за 200).

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс. км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб. глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр. ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БРУЧАЎ (Уладзімір Апанасавіч) (10.10.1863, с. Кляпеніна Цвярской вобл., Расія — 19.6.1956),

расійскі геолаг і географ. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1921). Герой Сац. Працы (1945). Чл. многіх замежных акадэмій і навук. т-ваў. Бацька С.У.Обручава. Скончыў Горны ін-т у С.-Пецярбургу (1886). Праф. Томскага тэхнал. ін-та (1901—12) і Маскоўскай горнай акадэміі (1921—29). З 1930 старшыня Камісіі па вывучэнні шматгадовай мерзлаты, з 1939 дырэктар Ін-та мерзлатазнаўства АН СССР. У 1942—46 акад.-сакратар Аддзялення геолага-геагр. навук АН СССР. З 1947 ганаровы прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Навук. працы па геалогіі рудных радовішчаў, чацвярцічных адкладаў, неатэктоніцы, геамарфалогіі, геаграфіі, зледзяненнях, вечнай мерзлаце і інш. Вёў шырокія геал. даследаванні ў Сібіры, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. Аўтар навук.-фантаст. і прыгодніцкіх раманаў «Плутонія» (1924), «Зямля Саннікава» (1926), «Золаташукальнікі ў пустыні» (1928) і інш. Прэмія імя М.​М.​Пржавальскага (1894), Вял. залаты медаль Рус. геагр. т-ва (1901), 2 прэміі імя П.​А.​Чыхачова Парыжскай АН (1898, 1925), залаты медаль імя А.​П.​Карпінскага АН СССР (1947), прэмія імя У.​І.​Леніна 1926. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1950. Імем О. названы хрыбет у Тыве, горныя вяршыні ў вярхоўях р. Віцім, аазіс у Антарктыдзе, ледавік у Мангольскім Алтаі, мінерал абручавіт.

Тв.:

Избр. работы по географии Азии. Т. 1—3. М., 1951;

Иэбр. труды. Т. 1—6. М., 1958—64.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)