САНДЗІ́НА ((Sandino) Аўгуста Сесар) (18.5.1895, Нікінаома, каля г. Масая, Нікарагуа — 21.2.1934),
дзеяч нац.-вызв. руху Нікарагуа. Рабочы на шахтах і рудніках у Нікарагуа, Гандурасе, Гватэмале і Мексіцы. У кастр. 1926 арганізаваў паўстанне рабочых залатых прыіскаў Сан-Альбіна супраць акупацыі Нікарагуа войскамі ЗША. Узначаліў паўстанцкую армію, якая да 1931—32 налічвала 6 тыс. чал. і кантралявала значную ч. тэр. Нікарагуа. Запрошаны на мірныя перагаворы з новым урадам краіны, арыштаваны па загадзе камандуючага нац. гвардыяй А.Самосы Гарсія і расстраляны. У яго гонар названы Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення ў Нікарагуа.
Літ.:
Гонионский С.А. Сандино. М., 1965;
Идейное наследие Сандино: Пер. с исп. М., 1982;
Гутьеррес Дуарте М.А. Аугусто С.Сандино. М., 1991.
т. 14, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́СА (Somoza),
сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г. Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац. ўсх. ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.С.Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.М.Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.
т. 14, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)