САМНІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

тры вайны паміж Стараж. Рымам і Самніцкай федэрацыяй (саюз самнітаў з сабеламі) за панаванне ў Цэнтр. Італіі ў 4—3 ст. да н.э. Паводле рым. падання, у барацьбе Рыма з самнітамі з-за Кампаніі (343—341 да н.э., т. зв. 1-я С.в.) рымляне атрымалі кантроль над Капуяй і Кумамі, самніты — над Тэанумам. Захоп Рымам Неапаля стаў прычынай 2-й С.в. (327—304 да н.э.), якая вялася з пераменным поспехам. Але рымляне, рэарганізаваўшы армію і памяняўшы тактыку баёў, занялі гарады Самнія. Паводле мірнага дагавора самніты аддалі Рыму Кампанію. Замацаванне самнітаў у Луканіі стала прычынай 3-й С.в. (298—290 да н.э.). Ваен. дзеянні праходзілі ў Самніі і Умбрыі, дзе разам з самнітамі супраць Рыма ваявалі галы і этрускі. Пасля першых няўдач рымляне разбілі самнітаў і галаў пры Сентыне (295 да н.э.). У 290 да н.э. самніты спынілі супраціўленне. Самніцкая федэрацыя была распушчана; самніцкія абшчыны сталі рым. саюзнікамі з абмежаванымі правамі. У выніку С.в. рымляне замацаваліся ў Цэнтр. Італіі.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЧУГО́ВА (сапр. Кавалёва) Праскоўя Іванаўна

(31.7.1768, в. Беразіно Яраслаўскай вобл., Расія — 7.3.1803),

руская актрыса, спявачка (сапрана). Прыгонная графа Н.​П.​Шарамецева, у 1798 атрымала вольную, у 1801 стала яго жонкай. Спевам вучылася ў Л.​Сандуновай. У 1779—97 выступала ў шарамецеўскім т-ры. Валодала моцным гнуткім голасам прыгожага цёплага тэмбру і вял. дыяпазону, драм. талентам. У яе рэпертуары (каля 50 роляў) найб. вылучаліся партыі трагедыйнага плана: Эліяна, Люсіль («Самніцкія шлюбы», «Люсіль» А.​Грэтры), Луіза, Аліна («Дэзерцір», «Аліна, каралева Галкондская» П.​А.​Мансіньі), Зелміра («Узяцце Ізмаіла» В.​Казлоўскага) і інш.

Літ.:

Маринчик П.Ф. Недопетая песня: Необычайная жизнь П.​И.​Жемчуговой. Л.;

М., 1965.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),

старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл. Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.​К.​Сулам (1 ст. да н.э.).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)