Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Fe. Адрозніваюць Ж.с. зямное (тэлурычнае) і касмагеннае (метэарытнае), што трапляе на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Тэлурычнае, або ферыт, мае нікелю да 3%, аваруіт, або нікель-жалеза, — ад 30 да 80%, метэарытнае — камасіт — каля 6,4%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі рэдкія, звычайна дэндрыты, зерні, суцэльныя масы. Колер і бляск як у метал. жалеза. Цв. 4—5. Шчыльн. 7—7,8 г/см³. Коўкае. Ферамагнетык. Рэдкі мінерал, звязаны ў асноўным з базальтамі, утвараецца таксама ў сідэрытавых намнажэннях, каменных вуглях і ў балотных жал. рудах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Au. Прымесі серабра, медзі, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычныя, дадэкаэдрычныя або кубічнай формы. Агрэгаты ў выглядзе зерняў, лускавінак, лісцікаў, суцэльныя масы і інш. Колер ярка-жоўты, з прымесямі — бледна-жоўты, чырванавата-жоўты, зеленаваты. Бляск металічны. Цв. 2—3. Шчыльн. 15,6—19,2 г/см³. Коўкае, цягучае, пластычнае. Адрозніваюць: тонкадысперснае (да 10 мкм), пылападобнае (5—10 мкм), дробнае (0,05—2 мм) і буйное (больш як 2 мм, у т. л. самародкі). Трапляецца ў карэнных (гідратэрмальных) радовішчах з кварцам і пірытам, у пегматытах і россыпах. На Беларусі рудапраяўленні З.с. вядомы ў россыпах, трапляюцца ўключэнні ў пародах крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),
поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (Aurum),
Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн.прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА (лац. Ferrum),
Fe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 26, ат. м. 55,847. Складаецца з 4 стабільных ізатопаў: 54Fe (5,84%), 56Fe (91,68%), 57Fe (2,17%), 58Fe (0,31%). У зямной кары 4,65% па масе (найб. распаўсюджаны метал — другі пасля алюмінію). Вядома больш за 300 мінералаў (гл.Жалезныя руды). Самароднае (метэорнае і тэлурычнае) сустракаецца рэдка. Прысутнічае ў арганізмах усіх жывёл і раслін, уваходзіць у склад гемаглабіну.
Ж. — бліскучы серабрыста-белы пластычны метал tпл 1535 °C, tкіп 2750 °C, шчыльн. 7870 кг/м³ (20 °C). Пры звычайным ціску адрозніваюць некалькі крышт. мадыфікацый: α-Fe (існуе да 917 °C), δ-Fe (пры т-рах вышэй за 1394 °C і да т-ры плаўлення) з аб’ёмнацэнтраванай кубічнай рашоткай і γ-Fe (у інтэрвале 917—1394 °C) з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай. Пры т-ры 769 °C (пункт Кюры) ферамагн. α-Fe пераходзіць у парамагн. стан. Парамагн. Ж., устойлівае ў інтэрвале 769—917 °C, наз. β-Fe. Ж. не раствараецца ў вадзе і шчолачах. У вільготным паветры акісляецца і пакрываецца ржой (гл.Карозія металаў), у сухім (пры награванні вышэй за 200 °C) — ахоўнай плёнкай аксідаў (гл.Вараненне). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі Fe(II) (гл.Жалеза злучэнні), канцэнтраванымі азотнай і сернай — пасівіруецца. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, серай, фосфарам, вугляродам, аксідам вугляроду (гл.Карбанілы металаў), вадзяной парай. Асн. масу Ж. выплаўляюць у выглядзе чыгуну і сталі. Аднаўленнем жалеза аксідаў пры 750—1200 °C атрымліваюць губчатае Ж. (97—99% Fe), раскладаннем пентакарбанілу Fe(CO)5 — карбанільнае (парашок з памерамі часцінак 1—15 мкм). Выкарыстоўваюць як матэрыял для стрыжняў электрамагнітаў і якараў эл. машын (тэхнічна чыстае), як каталізатар, антыанемічны сродак (карбанільнае) і інш.
Літ.:
Беккерт М. Железо: Факты и легенды: Пер. с нем. 2 изд. М., 1988.