БАРЫ́САЎСКІ ЛЕСАХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д,

«Лесахімік». Створаны ў 1971 у г. Барысаў як папярова-лесахім. камбінат на базе лесахім. з-да і папяровай ф-кі «Прафінтэрн» (дзейнічала ў 1902—25 як Барысаўская папяровая фабрыка «Папірус»). З 1976 у ВА «Белпаперапрам». З 1977 завод, у 1992 рэарганізаваны, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Лесахімік». Асн. прадукцыя (1995): каніфоль, жывічны шкіпінар, пакост, сальвент.

т. 2, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНЫЯ ЛА́КІ,

растворы прадуктаў сумяшчэння алеяў і прыродных ці сінт. смол у арган. растваральніках. На алейныя лакі выкарыстоўваюць рафінаваныя і часткова запалімерызаваныя алеі, прыродныя (каніфоль, бурштын і інш.) і сінтэтычныя (фенола-фармальдэгідныя смолы і іх мадыфікацыі) смолы, растваральнікі (уайт-спірыт, сальвент-нафта, бензін, шкіпінар і інш.), дадаюць сікатывы.

У залежнасці ад колькасці алею алейныя лакі падзяляюцца на посныя, сярэднія, тлустыя; атмасфераўстойлівасць іх павялічваецца з павышэннем тлустасці. Алейнымі лакамі пакрываюць металы, драўнінныя пластыкі, прамочваюць абмоткі электраабсталявання, выкарыстоўваюць у грунтоўках, шпаклёўках і эмалевых фарбах. Замяняюцца алкіднымі лакамі.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,

тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя смолы, якія атрымліваюцца пры кандэнсацыі полікарбонавых кіслот, поліспіртоў і вышэйшых монакарбонавых кіслот (пераважна аліфатычных кіслот алеяў). Найб. пашыраныя гліфталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і гліцэрыны) і пентафталевыя (на аснове фталевага ангідрыду і пентаэрытрыту). Ліпкія, высакавязкія рэчывы з мал. масай 1500—5000 растваральныя ў талуоле, уайт-спірыце, сальвент-нафце; нізкамалекулярныя разбаўляюцца вадой. Тэрмарэактыўныя (высыхальныя) змяшчаюць дэгідратаваныя вытворныя рыцыны, ільняны і тунгавы алеі; тэрмапластычныя (невысыхальныя) — какосавы алей ці сырую рыцыну. Адрозніваюцца па тлустасці, маюць да 34—70% алею.

Алкідныя смолы — аснова алкідных лакаў (канцэнтрацыя 40—60%, змяшчаюць таксама сікатывы, ацвярджальнікі, растваральнікі і інш. плёнкаўтваральнікі). Выкарыстоўваюцца як кампаненты фарбаў для аўтамабіляў, розных прылад і прамысл. абсталявання, скуры; у вытв-сці клеяў, друкарскіх фарбаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАРО́НА-ІНДЭ́НАВЫЯ СМО́ЛЫ, індэн-кумаронавыя смолы,

сінтэтычныя смолы; тэрмапластычныя сумесі нізкамалекулярных палімераў і супалімераў кумарону, індэну і іх гамолагаў.

К.-і.с. з мал. м. 300—600 — вязкія светла-жоўтыя вадкасці, з мал. м. 1000—3000 — аморфныя цвёрдыя цёмна-рудыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, этаноле, раствараюцца ў араматычных і хларыраваных вуглевадародах, алеях. Устойлівыя ў шчолачах і разбаўленых к-тах; тэрмаўстойлівыя смолы з высокімі дыэл. ўласцівасцямі і малой цеплаправоднасцю. Атрымліваюць полімерызацыяй у прысутнасці каталізатара (серная к-та, хларыд алюмінію і інш.) ненасычаных фракцый прадуктаў каксавання вугалю (сырога бензолу) ці піролізу нафты (сальвент-нафты). Выкарыстоўваюць у вытв-сці плітачных матэрыялаў (напр., для пакрыцця падлог), друкарскіх фарбаў, чарніла, воданепранікальнай паперы, як пластыфікатар у гумавай прам-сці.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)