ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.

І.У.Саламевіч.

В.А.Жуковіч.

т. 6, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прылады, з дапамогай якіх здабываюцца акрэсленыя (або недакладна акрэсленыя) па вышыні і рытмічна арганізаваныя (або неарганізаваныя) гукі, паслядоўнасці гукаў, а таксама шумы. Абавязковыя элементы М.і. — вібратар, ці крыніца гуку (струна, мембрана, слуп паветра), і генератар, што пабуджае вібратар да вагання (смычок, сістэма малаточкаў і інш.). Многія М.і. маюць і ампліфікатар для ўзмацнення ваганняў (рэзанансавыя корпус, дошка) з мэтай атрымання гукаў большай сілы. Кожнаму М.і. ўласцівы пэўны гукавы дыяпазон, комплекс тэмбрава-рэгістравых, дынамічных, выразных і тэхніка-выканальніцкіх магчымасцей. Якасць гучання залежыць ад матэрыялаў, з якіх яны зроблены, і нададзенай ім формы, можа мяняцца пры дапамозе дадатковых прыстасаванняў (напр., сурдзіны) і розных прыёмаў гуказдабывання.

М.і. выконваюць разнастайныя грамадскія (ад прыкладной да ўласна эстэтычнай) і маст. функцыі (М.і. сольныя і ансамблевыя, меладычныя і рытмічныя і інш). Падзяляюцца на нар. і прафесійныя. Іх развіццё непасрэдна звязана з развіццём грамадства, яго культуры, муз. мастацтва, выканальніцтва і тэхнікі вырабу. Паводле прынятай у сучасным інструментазнаўстве класіфікацыі Э.М. фон Хорнбастэля — К.Закса (прапанавана ў 1914), якая ўлічвае 2 вызначальныя прыметы — крыніцу гуку і спосаб яго здабывання, М.і. ўтвараюць 4 групы: ідыяфоны (самагучальныя), мембранафоны (мембранавыя), аэрафоны (духавыя) і хардафоны (струнныя); у 20 ст. і электрафоны (электрамузычныя інструменты). Крыніца гуку ў ідыяфонах — матэрыял, з якога зроблены інструмент або яго гучальная дэталь, у мембранафонах — нацягнутая перапонка (найчасцей са скуры жывёлы), у аэрафонах — заключаны ў трубцы слуп паветра, у хардафонах — нацягнутая струна. Залежна ад спосабу гуказдабывання ідыяфоны бываюць ударныя, саўдаральныя, патрэсвальныя, скрабковыя, шчыпковыя, аэрафоны — свабодныя, флейтавыя, язычковыя, амбушурныя; хардафоны — шчыпковыя, смычковыя, ударныя і фрыкцыйныя Улічваюць і канструкцыйныя асаблівасці (вядомы флейты адзіночныя падоўжныя — адкрытыя і закрытыя, парныя).

Нар. М.і. беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцей. Група ідыяфонаў уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготкі, званок, шархуны, кляшчоткі, драбінку, шмыгала, рагульку; у мінулым былі яшчэ варган і біла (калатушка); група мембранафонаў — бубен, барабан і грэбень (мірлітон); група аэрафонаў: свабодныя аэрафоны — лісты дрэў і травы, карынка, берасцянка, пуга, дудка шчылінная, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон; флейтавыя — свісцёлка, акарына, дудка, салавейка, парныя дудкі (раней, верагодна, і шматствольныя); язычковыя — жалейка, кларнет, дуда, дудачка з падвойным язычком; амбушурныя — рог і труба; група хардафонаў: смыкавыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, шчыпковабрынкальныя — балалайка, мандаліна, гітара, раней і цытра; ударныя — цымбалы. Паводле спосабу вырабу бел. нар. М.і. падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і прыстасаваныя для гукаўтварэння прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюць М.і. музыканты-выканаўцы і муз. майстры-прафесіяналы. У 2-й пал. 20 ст. ў нар. муз. побыце ўсё часцей выкарыстоўваюць інструменты фабрычнай вытв-сці (скрыпка, цымбалы, гармонік, баян, кларнет; гл. Музычных інструментаў вытворчасць). Спрадвеку нар. М.і. звязаны з традыц. каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам, рознымі святамі. У вясковай практыцы М.і. выкарыстоўваюць як сольныя і ансамблевыя (гл. Народныя інструментальныя ансамблі). Амаль усе прафес. М.і. паявіліся ў выніку ўдасканалення народных. Да прафесійных адносяцца інструменты сімф. (опернага), духавога і эстр. аркестраў, а таксама электра- і мех. інструменты, сінтэзатары, камп’ютэры і інш. Гл. таксама Аркестр, Інструментоўка, Партытура.

Літ.:

Закс К. Современные оркестровые музыкальные инструменты: Пер. с нем. М., 1932;

Чулаки М.И. Инструменты симфонического оркесгра. 4 изд. М., 1983;

Вертков К., Благодатов Г., Язовицкая Э. Атлас музыкальных инструментов народов СССР. 2 изд. М., 1975;

Назіна І.Д. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997;

Sachs K. The History of musical Instruments. New York, 1940.

І.Дз.Назіна.

т. 11, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)