РЭ́ШАЦЬ (Язэп) (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),
бел. рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час. «Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;
Мюнхен, 1999.
Ю.Гарбінскі.
т. 14, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БАНР),
першая сталая бел. арг-цыя ў ЗША. Засн. 7.9.1941 у Чыкага. Заснавальнікі — Я.Тарасевіч, Я.Чарапук, П.Чопка, М.Аблажэй, І.Лобач, Я.Варонка, Я.Рэшаць. Да кастр. 1941 наз. Бел. к-т дапамогі ахвярам вайны. Стаяла за аднаўленне дзяржаўнасці БНР і непадзельнасць бел. зямель. У 2-ю сусв. вайну праз амер. арг-цыі наладжвала дапамогу народу Беларусі, у пасляваен. гады падтрымлівала бел. імігрантаў. Прадстаўнікі БАНР удзельнічалі ў Агульнаамер. слав. кангрэсах (1942, 1944, 1946, 1948). Вядзе культ.-асв., выдавецкую і прапагандысцкую дзейнасць. Выдавала «Весткі БАНР» і «Беларускія весткі». На сучасным этапе БАНР звязана пераважна з дзейнасцю бел. правасл. царквы св. Юр’я.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКІ ГРЫГАРЫЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых рым.-каталіцкіх навучальных устаноў. Знаходзіцца ў Ватыкане. Засн. ў 1551 І.Лаёлам і Ф.Борджа як Collegium Romanum (Рымскі каледж), папам Юліем III пераўтвораны ва ун-т. Атрымаў падтрымку ад папы Грыгорыя XIII, які ў 1682 выдзеліў яму значную суму з папскай казны і перадаў шэраг будынкаў. У 1926 у склад ун-та ўключаны Вышэйшы ін-т рэліг. культуры, у 1928 — Папскі ін-т усх. даследаванняў (засн. ў 1917), у 1955 — Папскі біблейскі ін-т (засн. ў 1909). Кіруе П.Г.у. ордэн езуітаў. За дзейнасць ун-та адказваюць перад рым. курыяй генерал ордэна езуітаў і прызначаны папам кардынал-пратэктар. Рыхтуе кадры для цэнтр. і перыферыйных царк. устаноў. У П.Г.у. ў розны час вучыліся бел. святары К.Маскалік, А.Надсон, А.Неманцэвіч, Т.Падзява, Я.Рэшаць, Ч.Сіповіч, У.Тарасевіч, Ф.Чарняўскі інш.
Н.К.Мазоўка.
т. 12, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)