Беларуская рэзь (стыль маст. разьбы) 1/462; 2/229; 4/354; 7/416; 9/76; 12/605

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РЭЗЬ,

манументальна-дэкаратыўная аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве, якой бел. майстры аздаблялі храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ў 17 ст. Вядомая і як «флемская» разьба (ад ням. Flamme полымя). На ўзорах беларускай рэзі расліны пераплятаюцца з гронкамі, у іх уплятаюцца выявы птушак, жывёл, чалавека. Разьбу пакрывалі ляўкасам і залацілі. Да сярэдзіны 17 ст. на Русі існавала плоская разьба. Бел. майстры прынеслі ў Маскоўскую дзяржаву майстэрства разьбы, што развілася на Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам мастацтва рэнесансу і барока. Лепшыя яе ўзоры — іканастасы Богаяўленскага сабора (2-я чвэрць 17 ст., не захаваўся) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. У Маскоўскай дзяржаве бел. разьбяры выканалі работы ў Васкрасенскім саборы Новаіерусалімскага манастыра на Істры (1658), аздобілі іканастасы цэркваў у Ізмайлаве і ў Данскім манастыры пад Масквой. У 1667—68 яны ўпрыгожылі пазалочаныя калонкі, капітэлі, карнізы, ліштвы, а таксама мэблю Каломенскага палаца. Сярод работ бел. майстроў Каломенскага палаца асабліва вылучаецца буйнамаштабны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве (1683—86) з 84 калонкамі, пераплеценымі вінаграднай лазой, карнізамі і картушамі. Беларуская рэзь дасягнула росквіту на мяжы 17—18 ст.; яе традыцыі захоўваліся да пач. 19 ст. (іканастас Хаціслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы). Сярод майстроў беларускай рэзі найб. вядомыя К.Міхайлаў, старцы Арсеній і Іпаліт, пазалотчык Д.​Залатароў.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Беларуская рэзь. Царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. 1669—72. Магілёўскі краязнаўчы музей.
Да арт. Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.
Да арт. Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),

запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Клім, бел. разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з г. Шклоў Магілёўскай вобл. Майстар беларускай рэзі. З 1654 (?) працаваў у Маскоўскай дзяржаве. З 1666 [1667(?)] у Палаце разьбярных і сталярных спраў Маскоўскага Крамля, у 1681 узначаліў Палату. З Арсеніем (Старцам) і С.Зіноўевым удзельнічаў у стварэнні «іарданскай сені» (1668, цяпер у саборы Раства Багародзіцы ў Суздалі). У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні палаца цара Аляксея Міхайлавіча ў с. Каломенскае, харомаў царэўнаў Соф’і Аляксееўны і Кацярыны Аляксееўны (шафа, ківот, крэслы, куфэркі і інш.), стварэнні іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаве. У 1683—85 група разьбяроў на чале з М. зрабіла клірас і 5-ярусны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага і іканастас царквы Данскога манастыроў у Маскве. Пры ўдзеле М. створана драўляная разная рака цудатворца Савы Вішэрскага (1670). Іл. гл. таксама ў арт. Беларуская рэзь.

К.Міхайлаў, Д.​Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Масква. 1683—1685. Фрагмент.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з асн. школ стараж.-рус. архітэктуры 14—17 ст. Склалася і развівалася ў перыяд узмацнення паліт. і эканам. ролі Маскоўскага княства і Масквы. З 14 ст. актывізавалася буд-ва культавых і абарончых збудаванняў (белакаменныя сцены і вежы Крамля Маскоўскага). Першыя храмы Крамля — Успенскі (1327) і Архангельскі (1333) саборы (не захаваліся) — сведчаць пра пераймальнасць арх.-буд. традыцый уладзіміра-суздальскай школы дойлідства. У 14—15 ст. узнік маск. тып белакаменнага храма: кампактны, 4-стаўповы, з павышанымі падпружнымі аркамі, ярусамі какошнікаў, разнымі дэкар. паясамі на фасадах (саборы Успенскі на Гарадку, 1399; і Раства Савіна-Старажоўскага манастыра, 1405, у г. Звянігарад Маскоўскай вобл.; Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры, 1476). На мяжы 14 і 15 ст. аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі цэркваў мелі рысы балканскага дойлідства (Нікольская царква ў с. Каменскае) і полацкай школы дойлідства (Спаскі сабор Андронікава манастыра). Удзел у перабудове Крамля (канец 15 ст.) пскоўскіх і італьян. дойлідаў паспрыяў удасканаленню тэхнікі буд-ва, узбагачэнню арсенала форм, выкарыстанню традыцый рэнесансу. У 16 ст. пад уплывам драўлянага дойлідства ў М.ш.д. ўзнікла кампазіцыя шатровага храма на высокім падклеце (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532). Храмы 17 ст. складаныя па структуры, з надбудовамі, маюць маляўнічы абрыс (царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве, 1628—53). У 1690-я г. ў дойлідстве Масквы развівалася т.зв. нарышкінскае барока, заснаванае на выкарыстанні класічных арх. форм (цэрквы Пакрова ў Філях, 1694; Успення на Пакроўцы, 1699, арх. П.​Патапаў). Храмы і палацы 17 ст. аздаблялі бел. майстры (гл. Беларуская рэзь).

Літ.:

Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 2. М., 1962.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Маскоўская школа дойлідства. Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры ў г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. 1476.
Маскоўская школа дойлідства. Царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве. 1628—53.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),

узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш. Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар. дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.

Літ.:

Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);

Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;

Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.

Я.​М.​Сахута.

Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.
Да арт. Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.
Да арт. Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.
Да арт. Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.
Да арт. Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ МАСТА́ЦКАЯ,

спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл. Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.

На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл. Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл. Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл. Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. А.​Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.
Да арт. Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Да арт. Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.

т. 13, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,

архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял. кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным з найб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.

Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.​Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.​Міхайлавым і С.​Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.​Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.​Давыдаву, пісьменнікам М.​Загоскіну, І.​Лажэчнікаву, гісторыкам М.​Пагодзіну, С.​Салаўёву і інш. З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл. гл. таксама да арт. Беларуская рэзь.

Літ.:

Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;

Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;

Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.

Г.​В.​Прыбытка.

Новадзявочы манастыр у Маскве.

т. 11, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ ПА ДРЭ́ВЕ,

спосаб апрацоўкі драўніны з дапамогай спец. інструментаў (нажа, разца, сякеры, свердла, пілы і інш.); від разьбы мастацкай. Выкарыстоўваецца пры вырабе прадметаў побыту, посуду, трансп. сродкаў, прылад працы, для ўпрыгожвання будынкаў, стварэння скульптур (гл. Скульптура драўляная), маст. вырабаў і інш. Вядома са старажытнасці многім народам свету. Шырока вядомы гуцульская (Украіна), багародская разьба, абрамцава-кудрынская разьба (Расія), драўляная скульптура Літвы, Польшчы, народаў Афрыкі і інш. На Беларусі пашырана контурная, выемчатая (пераважна трохгранна-выемчатая), рэльефная, скразная, аб’ёмная Р. па д., сродкамі якой ствараюць скульптуру. Схематычна, умоўна трактаваныя драўляныя фігуркі чалавека і жывёл вядомы з часоў каменнага веку. У 9—13 ст. геам. («вочкавым») арнаментам аздаблялі грабяні, лыжкі, чарпакі, прылады працы, зброю. У 14—16 ст. нізкарэльефнай разьбой аздаблялі інтэр’еры культавых збудаванняў, палацаў, сядзіб, мэблю. Напр., пінскім разьбяром Ананіем створаны двухбаковы абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1499—1525). У 17—18 ст. гэты від разьбы развіўся ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). Тагачасная разьба характарызуецца цеснай сувяззю з архітэктурай, у ёй адбіліся пануючыя маст. стылі — рэнесанс, барока, ракако, з канца 18 ст. — класіцызм. Разьбой упрыгожвалі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены палацаў і храмаў: іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве (1669—72), алтары Будслаўскага касцёла бернардзінцаў, Воўпаўскага касцёла Іаана Хрысціцеля, Навамышскага Праабражэнскага касцёла, Порплішчанскай Спаса-Праабражэнскай царквы (усе 17 ст.), касцёла Гродзенскага кляштара езуітаў, Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў (18 ст.) і інш. У нар. побыце найб. пашырэнне мела трохгранна-выемчатая разьба геам. характару, якой аздаблялі прылады працы (гл. Камянецкія прасніцы), хатняе начынне, посуд, трансп. сродкі. З канца 19 ст. у нар. драўляным дойлідстве пашырылася прапілоўка, якой аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі (гл. Разьба архітэктурная), а таксама мэблю. Р. па д. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі (М.​Няхай, М.​Свірачкоў, М.​Рышкевіч і інш.). Пашыраны ўсе яе віды. Асаблівую папулярнасць набыла драўляная скульптура (І.​Супрунчык, А.​Маголін, І.​Лізура, А.​Лавор, Ф.​Максімаў, М.​Тарасюк і інш.). Утылітарна-дэкар. вырабы і сувеніры ў тэхніцы Р. па д. выпускаюць многія прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць). У 1999 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс разьбярства «Дрэва жыцця». Іл. гл. таксама да арт. Разьба мастацкая, Скульптура драўляная.

Літ.:

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Сахута ЯМ. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Канцедикас А.С. Литовская народная скульптура. М., 1974;

Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр. М., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба па дрэве. Фрагмент царскіх варот з царквы Грыгорыя Неакесарыйскага ў Маскве. 17 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Коўш. Беларусь. Пач. 20 ст.
Да арт. Разьба па дрэве. Пудраніца, біклага, талерка. Івана-Франкоўская вобл. Украіна. 1970-я г.
Да арт. Разьба па дрэве. Маска народа макондэ. Мазамбік.

т. 13, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,

арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.

Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.

На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст. бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл. Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш. дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн. арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.

Літ.:

Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.

І.​П.​Хіцько.

Да арт. Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.
Да арт. Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.
Да арт. Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)