МЕЗЕНХІ́МА [ад мез(а)... + грэч. enchyma налітае, тут тканка],

зародкавая злучальная тканка большасці шматклетачных жывёл і чалавека. На ранніх стадыях зародкавага развіцця М. складаецца з сукупнасці рыхла размешчаных, адросткавых, сеткападобна звязаных клетак, якія высяляюцца з трох зародкавых лісткоў, пераважна з мезадэрмы. Дае пачатак клеткам злучальнай, касцявой, храстковай, гладкай мышачнай, пігментнай тканак. Галаўная М. ўтвараецца міграцыяй клетак нерв. трубкі і гангліёзнай пласцінкі, латэральных ч. перадхардальнай пласцінкі. Пазазародкавая ўваходзіць у пазазародкавыя органы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́ГА ў аграноміі,

ворная зямля, якая не выкарыстоўваецца доўгі час на с.-г. мэты. Кароткачасовая (8—15 гадоў) аблога ў стэпавых раёнах наз. пералог, у лесастэпавых — залог. У першыя 2—3 гады ралля зарастае адна- і двухгадовымі раслінамі (бур’яністы пералог), у наступныя 5—7 гадоў — карэнішчавымі раслінамі, рыхла- і шчыльнакустовымі злакамі. Пазней развіваецца расліннае покрыва, характэрнае для сухадольных лугоў, пад ім назапашваецца арган. рэчыва і аднаўляецца прыродная ўрадлівасць глебы. На Беларусі аблогі займаюць нязначныя плошчы пераўвільготненых і цяжкадаступных малапрадукцыйных зямель.

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСЧА́НЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія развіваюцца на пясках і маюць не больш за 10% часцінак фіз. гліны. Развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, водна-ледавіковых, старажытнаалювіяльных, поймавых і эолавых пясках. Маюць значную водапранікальнасць, аэрацыю, цеплаёмістасць. Прыродная ўрадлівасць нізкая — колькасць арган. і мінер. рэчываў невялікая. Падзяляюць на рыхла- і звязнапясчаныя глебы. На Беларусі займаюць больш 25% тэр. (большасць пад хваёвымі лясамі). Складаюць каля 19% с.-г. угоддзяў. Акультурваюцца П.г. ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, пасевамі бабовых, вапнаваннем, глінаваннем, арашэннем і інш.

В.​І.​Шабанава.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛАФАРА́ЛЬНЫЯ, непласціністыя (Aphyllophorales),

парадак базідыяльных грыбоў з групы парадкаў гіменаміцэты. Уключае 20 сям., каля 300 родаў і 3 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна ў лясных зонах. На Беларусі каля 300 відаў з 87 родаў і 16 сям.: балетопсідных, ганадэрмавых, гіменахетавых, каніяфоравых, картыцыевых, лахнакладыевых, лісічкавых, паліпоравых, порыевых, рагацікавых, скутыгеравых, стэрэумавых, тэлефоравых, фістулінавых, шызафілавых, вожыкавікавых. Большасць афілафаральных — сапратрофы. Жывуць на раслінных субстратах (адмерлай драўніне, лясным подсціле, на глебавым гумусе). Ёсць паразіты травяністых і дрэўных раслін, мікарызаўтваральнікі. Многія афілафаральныя (губавыя грыбы, дамавыя грыбы) разбураюць драўніну. Некат. віды (напр., флебія гіганцкая) выкарыстоўваюцца як біял. антаганісты шкодных разбуральнікаў драўніны — каранёвай губкі. Ёсць лек. (чага, лісічкі і інш.), ядомыя (бяляк, грыбная капуста, грыбная локшына, лось, пеўнік, стракач і інш.). Як рэдуцэнты (дэструктары) адмерлай драўніны і ападу афілафаральныя адыгрываюць вял. ролю ў кругавароце рэчываў.

Міцэлій развіваецца ў субстраце. Гіфы шматлікія, бясколерныя або злёгку афарбаваныя, у некаторых відаў утвараюць грыбныя шнурочкі і плеўкі. Пладовыя целы разнастайнай формы (распасцёртыя, прамастойныя. булавападобныя, цыліндрычныя, разгалінаваныя, шапкападобныя з цэнтр. або эксцэнтрычнай ножкай, сядзячыя, паўкруглыя, капыта-, кансолепадобныя, прымацаваныя бокам ці зачаткавай бакавой ножкай), памераў (ад некалькіх мм да 1 м), колеру і кансістэнцыі (мяккамясістыя, рыхла- або шчыльналямцавыя, плеўкавыя, валакністыя, скурыстыя, коркавыя, дзеравяністыя). Гіменафор гладкі, складкаваты, сеткаваты, шыпаваты, трубчасты, бародаўчаты, лабірынтападобны, зубчастарассечаны. Гіменіяльны слой складаецца з базідый, шматлікіх базідыёл, гіфід, нярэдка са спец. стэрыльных клетак — цыстыдаў, глеяцыстыдаў, шчацінак. Базідыі з 4, радзей 2, 6 або 8 спорамі. Базідыяспоры бясколерныя ці афарбаваныя, з гладкай або шыпаватай, бародаўчатай абалонкай.

А.​М.​Капіч.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)