ДУДЗІ́НКА,

горад у Расіі, цэнтр Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акругі, за Палярным кругам, у нізоўях р. Енісей. Засн. ў 1667 як зімоўе, з 1951 горад. 32,1 тыс. ж. (1992). Марскі порт (аванпорт Нарыльска). Чыг. станцыя (пач. пункт самай паўн. у свеце чыгункі Д.—Нарыльск). Рыбазавод. Краязнаўчы музей.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КСАН,

скалісты востраў у Енісейскім зал. Карскага м., за 1,5 км ад мацерыка, у Краснаярскім краі Расіі. Пл. каля 25 км². Складзены пераважна з дыябазаў. Выш. да 50 м. Палярная станцыя (з 1916), на базе якой у 1930-я г. пабудаваны арктычны радыёметэаралагічны цэнтр і геафіз. абсерваторыя. Рыбазавод. Востраў названы Н.А.Э. Нордэншэльдам у 1878 у гонар швед.

купца Дзіксана, які фінансаваў яго экспедыцыю. Порт Дзіксан.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГА́РКА,

горад у Расіі, у Краснаярскім краі, на Ігарскай пратоцы р. Енісей. Засн. ў 1929. 17,9 тыс. ж. (1992). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў. Аэрапорт. Лесакамбінат (піламатэрыялы) і рыбазавод. Навук.-доследная станцыя па вывучэнні шматгадовай мерзлаты Сібірскага аддзялення Рас. АН, філіял Ін-та эксперым. медыцыны (па вывучэнні і папярэджанні цынгі). Музеі шматгадовай мерзлаты і гісторыі асваення енісейскай поўначы.(па вывучэнні і папярэджанні цынгі). Музеі шматгадовай мерзлаты і гісторыі асваення енісейскай поўначы.

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,

на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс. км². Нас. 51,2 тыс. чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.

Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр. Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр. Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш. Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс. га, з іх асушана 33,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.

Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)