АПАНЕЎРО́З (ад апа... + неўроз),
злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЫ́ТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
мелкаводная прыбярэжная ч. мора. Размешчана пераважна ў межах шэльфа ад узроўню макс. адліву да верхняй мяжы мацерыковага схілу (200—400 м). Для Н.в. характэрны вял. рухомасць вады, зменлівасць т-ры, значнае пранікненне сонечнага святла, вял. колькасць кіслароду, разнастайнасць флоры і фауны. У межах Н.в. намнажаюцца пераважна абломкавыя ўтварэнні (гл. Нерытавыя адклады).
т. 11, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́РКА ў фізіцы цвёрдага цела,
квазічасціца ў паўправадніку, дыэлектрыку ці метале, звязаная з незанятым электронам квантавым станам у валентнай зоне. Пад уздзеяннем знешніх эл. і магн. палёў паводзіць сябе як часціца з дадатным зарадам, роўным па абсалютнай велічыні зараду электрона. Эфектыўная маса Дз. большая, а рухомасць меншая, чым у электрона праводнасці. Дз. разам з электронамі вызначаюць дынамічныя ўласцівасці крышталёў. Гл. таксама Паўправаднікі.
т. 6, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́Н,
мышачны бялок. Мал. м. 42 000. Складаецца з 374 астаткаў амінакіслот і небялковай часткі (АТФ ці АДФ). Існуе ў глабулярнай (манамернай) і фібрылярнай (палімернай, дамінуе ў мышцах) формах. Утварае аснову тонкіх філаментаў мышачных міяфібрыл і мікрафіламентаў у нямышачных клетках. У папярочна-паласатых і гладкіх мышцах з міязінам утварае іх асн. структурны скарачальны комплекс — актаміязін. Зваротныя пераходы паміж манамернай і палімернай формамі ў нямышачных структурах фарміруюць рухомасць клетак, рух цытаплазмы, арыентацыю рэцэптараў на цытаплазматычнай мембране і інш.
т. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
т. 1, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),
скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУ́Н,
насычаныя вадой рыхлыя асадкавыя горныя пароды, якія пры ўскрыцці праяўляюць вял. рухомасць (плывучасць). Адрозніваюць П. сапраўдныя (пяскі, супескі, суглінкі і інш., якія змяшчаюць гідрафільныя калоіды) і несапраўдныя (пераважна пяскі без калоідных часцінак). Сапраўдныя П. набываюць плывучасць пры вельмі малых напорных градыентах і маюць устойлівыя плывучыя ўласцівасці. Несапраўдныя П. пераходзяць у плывучы стан пры значных напорных градыентах, лёгка аддаюць ваду, пасля чаго трацяць плывучасць. На Беларусі П. часта трапляюцца на Палессі сярод алювіяльных, азёрных і водналедавіковых надмарэнных адкладаў. З П. змагаюцца шляхам іх асушэння.
т. 12, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА ЭФЕ́КТ,
генерацыя высокачастотных ваганняў эл. току ў паўправадніковых прыладах з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай. Назіраецца ў паўправадніках, зона праводнасці якіх мае некалькі далін (гл. Зонная тэорыя): рухомасць электронаў у верхніх далінах значна меншая, чым у ніжняй. У моцных палях частка электронаў пераходзіць з ніжняй даліны ў верхнія і электраправоднасць змяншаецца. Ваганні току маюць выгляд серыі імпульсаў з частатой паўтарэння, адваротна прапарцыянальнай прыкладзенаму напружанню і даўжыні ўзору паўправадніка. Выяўлены амер. фізікам Дж.Ганам (1963) у крышталях арсеніду галію і фарсіду індыю. Выкарыстоўваецца ў схемах генератараў і ўзмацняльнікаў звышвысокай частаты (гл. Гана дыёд).
Ф.А.Ткачэнка.
т. 5, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
поўнае парушэнне цэласці косці. Адрозніваюць П. траўматычны (ад уздзеяння мех. сілы) і паталаг. (пухліна, запаленне і інш.). Можа суправаджацца пашкоджаннем нерв. канцоў або ствалоў, буйных сасудаў, скурных покрываў, інфіцыраваннем раны. Пашкоджанне крывяносных сасудаў пры П. вядзе да крывацёку, часам да развіцця дэкампенсаванай ішэміі тканкі і інш. П. бываюць адкрытыя, закрытыя (скура не пашкоджваецца), са зрушэннем і без зрушэння. Асн. клінічная праява П. — паталаг. рухомасць косці. Інш. праявы залежаць ад лакалізацыі П. (на чэрапе, пазваночніку, канечнасцях і інш.). Асн. метад дыягностыкі — рэнтгенаграфія. Лячэнне кансерватыўнае (гіпсавыя павязкі, лёгкія шыны, выцяжэнне), хірургічнае.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМО́НЫ (ад грэч. gamos шлюб),
рэчывы палавых клетак, якія ўдзельнічаюць у працэсах асемянення і апладнення. Вылучаны амер. вучоным Ф.Лілі ў 1912—21. Знойдзены ў водарасцей, грыбоў, многіх жывёл (у т. л. чарвей, малюскаў, ігласкурых). Паводле хім. прыроды падзяляюцца на ўласна гамоны (відаспецыфічныя, павышаюць рухомасць сперматазоідаў), глікапратэіны (забяспечваюць узаемадзеянне са спецыфічнымі паверхневымі рэцэптарамі палавых клетак, выклікаюць аглюцінацыю сперміяў), лізіны (выдзяляюцца пры акрасомнай рэакцыі). Адрозніваюць жаночыя гамоны, або гінагамоны (гінагамон I, гінагамон II, яйцавы антыферылізін), і мужчынскія гамоны, або андрагамоны (андрагамон I, андрагамон II, андрагамон III, спермалізіны — рэчывы, які раствараюць абалонкі яйца).
Літ.:
Токин Б.П. Общая эмбриология. 4 изд. М., 1987.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)