Гомельскі завод пускавых рухавікоў 3/533, 544, 549; 8/629; 9/199; 10/277; 12/290, 294, 687

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПУСКАВЫ́Х РУХАВІКО́Ў.

Пачаў дзейнасць у 1944 з маторазборачнага, мех. ўчасткаў і мех. майстэрняў па рамонце рухавікоў. У 1945 уведзены ў эксплуатацыю маторазборачны і мех. цэхі, у 1947 — маторны. У 1959 перааснашчаны на выпуск трактарных рухавікоў, у 1971 на выпуск інш. прадукцыі. Цяпер завод — шматпрофільнае прадпрыемства па выпуску дызельных і пускавых рухавікоў магутнасцю 6 і 8 к.с., рэдуктараў, запасных частак; адзіны на Беларусі вытворца зварачных электродаў. Выпускае таксама тавары нар. ўжытку: мэблевую фурнітуру, люстры ў літых аправах, свяцільнікі, садова-агародны інвентар, керамічныя вырабы з маст. дызайнам і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЛЬКА (Архіп Міхайлавіч) (23.3.1908, в. Саварка Багуслаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.6.1984),

расійскі канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1931). З 1939 у НДІ і КБ авіяц. прам-сці, з 1946 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Выказаў ідэю і абгрунтаваў магчымасць стварэння турбарэактыўных рухавікоў (ТРР) для скарасных самалётаў (1937). Пад яго кіраўніцтвам створаны першы сав. ТРР і распрацаваны шэраг рухавікоў для баявых самалётаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАСІЛАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

энергетычная ўстаноўка, якая звычайна складаецца з паравых катлоў і паравых рухавікоў, дзе энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў мех. работу. У якасці паравых рухавікоў напачатку выкарыстоўвалі паравыя машыны (на паравозах, параходах і інш.), потым больш эканамічныя паравыя турбіны.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТО́РНАЕ МА́СЛА,

нафтавае ці сінт. змазачнае масла для рухавікоў унутр. згарання розных тыпаў.

Паводле прызначэння М.м. падзяляюць на дызельныя (для змазкі аўтатрактарных, транспартных, стацыянарных, цеплавозных і суднавых рухавікоў), карбюратарныя (для аўтамаб. рухавікоў) і авіяцыйныя, якія падзяляюць на групы паводле вязкасці (адна з асн. характарыстык М.м.) і інш. эксплуатацыйных уласцівасцей. Вырабляюць на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем ад 1 да 25% (па масе) прысадак (мыйных. процізносных, антыкаразійных. вязкасных і інш.). Выкарыстоўваюць таксама сумесь нафтавага масла з дабаўкамі сінт. кампанентаў.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (23.7.1892, Масква —9.9.1962),

расійскі вучоны ў галіне авіяц. маторабудавання, канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943), ген.-м. інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1940, 1957). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1918). Працаваў на кіруючых пасадах у НДІ і на авіяц. з-дах, выкладаў у ВНУ. З 1935 гал. канструктар авіяц. рухавікоў. Пад яго кіраўніцтвам створаны магутныя рухавікі для знішчальнікаў і бамбардзіроўшчыкаў, якія шырока выкарыстоўваліся ў Вял. Айч. вайну. У пасляваен. перыяд распрацаваў шэраг паветрана-рэактыўных рухавікоў. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1943, 1946, 1949.

Літ.:

В.​Я.​Климов // Вестн. АН СССР. 1954. № 4.

У.Я.Клімаў.

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЭР (англ. carter),

нерухомая корпусная частка машын і механізмаў (рухавікоў, рэдуктараў, помпаў і інш.) звычайна каробчатай формы. Служыць апорай дэталей і захоўвае іх ад пашкоджанняў і забруджвання. Напр., К. поршневых рухавікоў служыў апорай каленчатага вала, рабочых цыліндраў і інш. Ніжняя частка К. (паддон) выкарыстоўваецца як рэзервуар для змазачнага масла. Вырабляецца з чыгуну, сталі, сплаваў лёгкіх металаў.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАШЭ́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 11.2.1949, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтатрактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БСГА (1971), дзе і працуе (з 1996 першы прарэктар). Навук. працы па паляпшэнні эксплуатацыйных характарыстык рухавікоў унутр. згарання, па актуальных праблемах аграрнай адукацыі. Распрацаваў сістэмы аховы рухавікоў ад цеплавых і мех. перагрузак, прынцыпы павышэння экалагічных і эканам. паказчыкаў работы дызеляў.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,

карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СБЕРГ (Сямён Арыевіч) (14.10.1903, г. Слуцк Мінскай вобл. — 3.1.1965),

сав. канструктар авіяц. і ракетных рухавікоў. Д-р тэхн. н. (1959). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1931). Працаваў у праектных арг-цыях авіяц. прам-сці. З 1941 гал. канструктар КБ. Адзін са стваральнікаў авіяц. рухавікоў, устаноўленых на знішчальніках Ла-5, Ла-7 і інш. самалётах ваен. часу. Пад яго кіраўніцтвам створаны доследныя ўзоры рэактыўных рухавікоў для самалётаў канструкцыі А.​І.​Мікаяна і А.​С.​Якаўлева, першы сав. кіслародна-газавы вадкасны ракетны рухавік (ВРР), які запускаецца ва ўмовах бязважкасці, серыйныя ВРР апошніх ступеняў ракет-носьбітаў касм. апаратаў. Ленінская прэмія 1960. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987.

С.А.Косберг.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)