ГЛУШКО́ЎСКІ (Адам Паўлавіч) (1793, С.-Пецярбург — паміж 1868 і 1870),

рускі артыст балета, балетмайстар, першы тэарэтык і гісторык рус. харэаграфіі. Скончыў Пецярбургскую балетную школу (1809), вучыўся ў І.Вальберха і Ш.Дзідло. У 1808—11 танцаваў на пецярбургскай сцэне, у 1812—31 у Вял. т-ры ў Маскве. Спачатку выступаў у віртуозным рэпертуары, пазней выконваў пантамімныя і характарныя ролі. У 1812—39 кіраўнік балетнай школы і гал. балетмайстар Вял. т-ра. Паставіў больш за 39 арыг. спектакляў. Прапагандаваў нац. фальклор, даў узоры тэатралізацыі рус. нар. танцаў. Ставіў і шматактавыя балеты-меладрамы ў стылі «рамана жахаў». Увасобіў 14 балетаў Дзідло. Упершыню стварыў спектаклі на тэмы рус. л-ры, у т. л. «Руслан і Людміла, або Звяржэнне Чарнамора...» Ф.​Шольца паводле А.​Пушкіна (1821, выканаў таксама партыю Руслана) і інш. Аўтар літ. прац, у якіх шмат кашт. звестак і разважанняў пра балет 1-й пал. 19 ст. («Успаміны балетмайстра», 1940).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВЫ,

рас. спевакі; муж і жонка, Восіп Апанасавіч (15.11.1807, г. Кіраваград, Украіна — 11.3.1878), бас. У юнацтве спяваў у царк. хоры. З 1826 выступаў у розных правінцыяльных трупах. З 1830 у Пецярбургу. Спяваў на сцэнах Вялікага т-ра, Тэатра-цырка. З 1860 у Марыінскім т-ры. Адзін са стваральнікаў рас. рэаліст. опернай школы. Яго голас вылучаўся моцным гучаннем, шырынёй дыяпазону, багаццем фарбаў, што спрыяла стварэнню разнастайных вобразаў. Першы выканаўца партый Сусаніна і Руслана («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, абедзве партыі прызначаны для П.), Мельніка («Русалка» А.​Даргамыжскага), Івана Грознага («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Варлаама («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага); выконваў партыі ў операх зах.-еўрап. кампазітараў. Быў тонкім інтэрпрэтатарам рамансаў Глінкі, Даргамыжскага, Мусаргскага і інш. Ганна Якаўлеўна (14.2.1818, С.-Пецярбург — 26.4.1901), кантральта. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. Брала ўрокі ў Глінкі. У 1835—46 салістка Пецярбургскага опернага т-ра. Разам з мужам спрыяла станаўленню рэаліст. рас. опернага мастацтва. Валодала паўнагучным, аксамітным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, і каларатурнай тэхнікай. Першая выканаўца партый Вані і Ратміра (оперы «Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» Глінкі).

Да арт. Пятровы. Восіп Апанасавіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),

рускі кампазітар. Заснавальнік рус. муз. класікі. Паходзіў са стараж. бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.​Філда і Ш.​Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.​Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк. рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.​Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.​Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус. нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп. нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац. муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж. муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус. муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.

Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.

Літ.:

Асафьев Б. М.​И.​Глинка. Л., 1978;

Канн-Новикова Е. М.​И.​Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;

Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;

Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;

Стасов В.В. Избранные статьи о М.​И.​Глинке. М., 1955;

Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;

Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;

Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;

Левашева О.Е. М.​И.​Глинка. Кн. 1—2. М., 1987—88.

Т.​А.​Дубкова.

М.І.Глінка. Малюнак невядомага мастака. 1843.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)