Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙЦЫ́ (Lepus),
род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.
Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.
Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Пётр Міхайлавіч) (21.9.1919, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1977),
бел. жывапісец. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1948). У 1948—54 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Сярод твораў: сюжэтна-тэматычныя карціны «На канікулах» (1951), «Сяброўкі» (1952), «Уборка капусты» (1958), «Падрыўнікі» (1962); пейзажы «Мінск» (1954), «Хутар Альбуць» (1959), «Жыта» (1960), «Зямля кліча» (1961), «Залатая восень» (1963), «У горадзе-героі Мінску» (1977); партрэты «Сын» (1967), «Мастак А.Шаўчэнка» (1970), «Паэт А.Русак» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1960 у цэнтр.ч.Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс.га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).