РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.
Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА,
востранакіраваная антэна, якая мае крывалінейнае металічнае або металізаванае люстэрка. Бывае адналюстэркавая (напр. парабалічная, рупарна-парабалічная, сферычная) і больш дасканалая шматлюстэркавая (антэна Касегрэна, Грэгары). Для змяншэння масы і ўплыву ветру люстэркі вырабляюць з сеткі, правадоў, паралельных пласцін ці з перфарыраваных (з адтулінамі) металічных лістоў. Л.а. выкарыстоўваюцца ў дыяпазоне звышвысокіх частот у радыёрэлейнай сувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.