Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ФІЛАСО́ФСКІЯ РУ́КАПІСЫ,
трактаты (курсы лекцый) на філас. і прыродазнаўчыя тэмы, напісаныя ў канцы 17 — пач. 19 ст. ў Гродне на лац. мове выкладчыкамі філасофіі — членамі манаскіх ордэнаў (пераважна бернардзінскага); некат. належаць дамініканцам, езуітам, кармелітам. Сярод аўтараў А.Бандзевіч, М.Дамашэвіч, Л.Дулевіч, Б.Мажэйка, Ю.Мышкоўскі, Ф.Пшыленскі, Б.Станкевіч, І.Сцірпейка. Вядома каля 50 трактатаў аб’ектыўна-ідэаліст. кірунку. У 1-й пал. 18 ст.асн. частку курса філасофіі складала логіка і метафізіка Арыстоцеля. У рукапісах 2-й пал. 18 ст. адчувальны ўплыў еўрап. Асветніцтва, ідэй новай філасофіі і прыродазнаўства. У пач. 19 ст. натурфіласофскія праблемы выкладаліся як спец. раздзелы фізікі. Рукапісы захоўваюцца ў Вільнюскага універсітэта бібліятэцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАГА МО́РА РУ́КАПІСЫ,
пісьмовыя помнікі на іўрыце, арамейскай, грэч. і інш. мовах, знойдзеныя каля зах. ўзбярэжжа Мёртвага мора. Першыя М.м.р. знайшлі пастухі-арабы ў 1947. У ходзе археал. раскопак у 1940—60-х г. адкрыты шматлікія сховішчы стараж. рукапісаў на папірусе, скуры, медзі і інш. матэрыялах. Большая іх частка знойдзена ў Вадзі-Кумране у 11 пячорах. Яны датуюцца 2 ст. да н.э. — 68 н.э. Рэшткі рукапісаў складаюцца з больш чым 40 тыс. фрагментаў каля 800 твораў. Уключаюць дакананічныя спісы б.ч. кніг Старога Запавета, тлумачэнні біблейскіх тэкстаў, апакрыфічныя творы, а таксама дакументы гасп. дзейнасці, якія належалі радыкальнай іудзейскай секце — верагодна, секце есеяў. Найб. вядомыя помнікі: Статут, гімны, Дамаскі дакумент, скрутак вайны. Рукапісы пячораў Іудзейскай пустыні (Вадзі-Мурабаат і інш.) уяўляюць сабой дакументы гасп. дзейнасці канца 1 — пач. 2 ст.н.э. і архівы паўстання Бар-Кохбы 132—135; рукапісы Масады — апошняга ўмацавання іудзейскіх паўстанцаў у час Іудзейскай вайны 66—73н.э. — уключаюць каля 800 надпісаў гасп. характару на чарапках (астраконах) на іўрыце і грэч. мове. Да М.м.р. адносяць таксама шэраг дакументаў ранневізант. і араб. перыядаў (4—8 ст.) на сірыйска-палесцінскай, грэч. і араб. мовах. Фрагментарнасць рэшткаў рукапісаў перашкаджае аднаўленню першапачатковых тэкстаў, таму значная іх частка не апублікавана.
Літ.:
Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1960;
Яго ж. Находки у Мертвого моря. М., 1965;
Яго ж. Тексты Кумрана. М., 1971;
Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;
Старкова К.Б. Литературные памятники Кумранской общины. Л., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Папірусы (рукапісы) 8/90—91
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Кумранскія знаходкі, гл.Рукапісы Мёртвага мора
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́Т (ад лац. alligo прывязваю),
пераплеценыя ў адзін том самастойныя выданні або рукапісы. Ствараецца звычайна з-за нязручнасці захоўвання тонкіх, непераплеценых кніг, брашур, сшыткаў паводле алфавітнага або тэматычнага (гл.Канвалют) прынцыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Адам Ягоравіч) (1 ці 6.4.1862, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобласці — 16.4.1940),
бел. этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец. Бацька М.Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Настаўнічаў, удзельнічаў у рэв. руху мінскіх нарадавольцаў. З 1885 заг. гарадскога пач. вучылішча ў Мінску. З 1892 у сял. зямельным банку ў Гродне. З 1896 у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. Збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы, дасылаў іх П.Шэйну. Апублікаваў гіст. нарыс «Пра паншчыну» (1894), даследаванне «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895), у якім аналізаваў перажыткі анімізму, фетышызму, культу сонца, нячыстай сілы і інш. У 1923 перадаў у Інбелкульт рукапісы М.Багдановіча. Аўтар успамінаў пра сына. Рукапісы прац Бадановіча «Мова зямлі. Утварэнне водарачных імёнаў і што ад іх паходзяць», «Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх», «Этнічны склад беларускага народа», «Рэвалюцыйны рух у г. Мінску і губерні ў 80 і пачатку 90-х гг.», «Да гісторыі партыі «Народнай волі» ў Мінску і Беларусі, 1880—1892 г.» у Ін-це л-ры АН Беларусі.