Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖАў архітэктуры,
круглы аконны праём у раманскіх і (пераважна) гатычных збудаваннях, які мае каменны пераплёт у выглядзе радыяльных прамянёў з цэнтра круга. Звычайна размяшчалася над уваходным парталам. Р. наз. і аналагічнага выгляду дэкар. матыў, што вянчае стральчатыя аконныя праёмы гатычных будынкаў. Вядомы таксама ў збудаваннях стылю несапраўднай готыкі.
Да арт.Ружа ў архітэктуры. Акно-ружа сабора Парыжскай Божай Маці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Ружа» (атамны рэактар) 1/555
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Ружа (сорт цыніі) 11/130
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖА (Rosa),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 (па інш. звестках да 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. Стараж. цэнтр вырошчвання Р. — Пярэдняя Азія, адкуль яна трапіла ў ант. Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын) Найб. вядомыя Р.: Жэрара (R. scherardii), іржава-чырвоная (R. rubiginosa), майская, ці карычная (R. majalis), мяккая (R. mollis), сабачая (R. canina), скурысталістая (R. caesia), Юндзіла (R. jundzillii). Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. На Беларусі інтрадукаваны Р.: калючая (R. pimpinellifolia), маршчыністая (R. rugosa), шматкветная (R. multiflora), шызая (R. glauca) і інш.
Лістападныя або вечназялёныя кусты, часам павойныя, выш. 15—200 см (некат. віды ўтвараюць пляцістыя галіны даўж. да 12 м). Лісце чаргаванае, непарнаперыстае з прырослымі да чаранка прылісткамі. Кветкі простыя ці махровыя, дыяметрам 1—16 см, пахучыя, розных колераў, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — аднанасенны арэшак, змешчаны звычайна ў мясістым несапраўдным плодзе. Плады шыпшыны маюць у сабе разнастайныя вітаміны, напр., вітаміну С у іх амаль у 10 разоў больш, чым у цытрусавых, з іх атрымліваюць сіропы і вітамінныя канцэнтраты, жаўцягонны прэпарат халасас, з пладоў і пялёсткаў — варэнне, мармелад, пасцілу, цукеркі, з пладоў і каранёў — дубільныя рэчывы, фарбавальнікі, з пялёсткаў казанлыкскай ружы — ружавы алей і ружавую ваду для парфумерыі, касметыкі, кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Лек., харч., эфіраалейныя, тэхн., меданосныя і дэкар. расліны.