Роскае (радовішча мелу і мергелю, Ваўкавыскі р-н) 2/625; 12/18

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 13, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАЛЕ́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

выхад карэнных горных парод на зямную паверхню. Бывае натуральнага паходжання (па берагах рэк, схілах яроў, хрыбтоў) і штучнага (у кар’ерах, шахтах, шурфах, канавах). Маюць навуковае (у геалогіі) і практычнае (пры пошуках карысных выкапняў) значэнне. На Беларусі некаторыя агаленні абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды, на асобных з іх наладжана вытв-сць буд. матэрыялаў (напр., Мікашэвіцкае, Глушкавіцкае радовішчы буд. каменю).

Да арт. Агаленне горных парод. Роскае геалагічнае агаленне мелу ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

ахоўныя геал. аб’екты, якія маюць навук., навук.-асв. ці гіст.-мемар. значэнне. Да іх адносяцца прыродныя і штучныя унікальныя агаленні горных парод, адметныя гляцыядыслакацыі, валуны, валунна-галечныя кангламераты, пячоры, скалы, выхады мінералаў і інш.

Вылучаюць тыпы геалагічных помнікаў прыроды: стратыграфічныя, палеанталагічныя, тэктанічныя, гідрагеалагічныя, горна-гіст. і інш. Вывучэнне геалагічных помнікаў прыроды дазваляе ўдакладніць стратыграфію, вызначыць літалагічныя асаблівасці парод, знайсці выкапнёвыя рэшткі фауны і флоры, выявіць этапы развіцця жывёльнага і расліннага свету ў геал. мінулым, ацаніць перспектывы азначанай тэр. на некат. карысныя выкапні; многія з іх абвешчаны зонамі рэкрэацыі і масавага турызму.

На Беларусі 102 геалагічныя помнікі прыроды: 18 агаленняў, 2 выхады кангламератаў, 82 валуны ці іх зборы. У ліку геал. агаленняў: Роскае геалагічнае агаленне, Новы Крупец, азёрныя, азёрна-балотныя і тарфяныя адклады александрыйскага міжледавікоўя ў яры Калодзежны Роў, муравінскага міжледавікоўя Збарова, Дарашэвічы, Мурава, Самастрэльнікі, Цімошкавічы, Заслаўе, Лоеўскае геалагічнае агаленне, агаленні часу паазерскага зледзянення Камарышкі і Студзянец, тарфянік Сінюха і інш. З валуноў і кангламератаў найб. вядомыя «Асілак», Вялікі Камень, Камень Багушэвіча, Камень-волат, Камень філарэтаў, Расколаты камень, валунна-галечны кангламерат у Калодзежным Рове на паўд. ускраіне г. Гродна і інш.

Літ.:

Ляўкоў Э.А., Карабанаў А.К. Праблемы вылучэння геалагічных і геамарфалагічных помнікаў прыроды ў Беларусі // Літасфера. 1995. № 3.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)