РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),

абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.​Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),

танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер. дыск-жакеем А.​Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.​Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.​Прэслі, Ч.​Бэры, Л.​Рычард і інш.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),

паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л. шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).

Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.

У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.​Вуячыч, Т.​Раеўская, Н.​Багуслаўская, Э.​Міцуль, А.​Падгайскі, В.​Кучынскі, Я.​Еўдакімаў, Я.​Паплаўская і А.​Ціхановіч, І.​Афанасьева, М.​Скорыкаў, І.​Дарафеева, В.​Дайнэка, Л.​Ялінская, І.​Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар. муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.​Шадзько, а таксама Э.​Акулін, З.​Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.​Казанцава, А.​Камоцкі, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, якая ствараецца і выконваецца пры дапамозе электронна-акустычнай генерыравальнай, гуказапісвальнай і гукаўзнаўляльнай апаратуры (электронных, у т. л. камп’ютэрных, сінтэзатараў). Глебай Э.м. з’явіліся санорная трактоўка гукавога матэрыялу (гл. Санорыка) і магчымасці электратэхнікі (гл. Тэрменвокс). З 1950—60-х г. — самаст. муз. кірунак (С.​Губайдуліна, Э.​Дзянісаў, Э.​Кшэнек, А.​Шнітке, К.​Штокгаўзен і інш.). Э.м. таксама састаўная ч. прыкладной музыкі (кіно, т-р) і рок-музыкі. У галіне Э.м. працуюць бел. кампазітары У.​Кандрусевіч, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, І.​Цвяткова, В.​Раінчык і інш.

т. 18, кн. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАШЫ́НА ЧА́СУ»,

расійская рок-група. Створана ў 1979 у Маскве (працавала з 1968). Арганізатар і кіраўнік А.​Макарэвіч. Напачатку адчуваўся ўплыў вак. квартэта «Бітлз», пераважалі песні на англ. мове, пазней характар музыкі і прыёмы аранжыроўкі мяняліся ад хард-рока і белага блюза да джаз- і арт-рока, стылістыкі «новай хвалі»; з сярэдзіны 1970-х г. у рэпертуары пераважна рускамоўныя песні. У першым складзе «М.ч.» выступалі: Макарэвіч (гітара, вакал), І.​Мазаеў і П.​Рубен (бас-гітара), А.​Дваноў (рытм-гітара), Ю.​Барзоў (ударныя); пазней — А.​Зайцаў, М.​Капітаноўскі, А.​Куцікаў, Я.​Маргуліс, П.​Падгарадзецкі, В.​Яфрэмаў і інш. Сярод грампласцінак з запісамі «М.ч.»: «Паляўнічыя на ўдачу», «Рэкі і масты», «У добры час», «Праз 10 гадоў», «У крузе святла», «Песні пад гітару» (сольны альбом Макарэвіча), «Машыне часу» 20 гадоў»; аўдыёкасеты — «Сонечны востраў», «Чужыя сярод чужых», «Рыбка ў бляшанцы» і інш. Музыка ў выкананні «М.ч.» выкарыстана ў кінафільмах «Душа», «Пачні з пачатку», «Скорасць», «Прарыў», «Без мундзіра», «Рок і фартуна» і інш.

Літ.:

Житинский А. Путешествие рок-дилетанта. Л., 1990.

В.​С.​Палякова.

т. 10, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНІКАЎ Аляксей Львовіч (н. 17.7.1945, Масква),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1967), у 1969—74 выкладаў у ёй. Вучань А.Хачатурана. Сярод твораў рок-оперы «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976), «“Юнона” і “Авось”» (1981); сімфоніі, канцэрты з арк., творы для фп.; мюзіклы, у т. л. «Прыгоды Бураціна» (1975), музыка да кіна- і тэлефільмаў, у т. л. «Той самы Мюнхаўзен» (1980), «Праз церні да зорак» (1981), рамансы, песні і інш.

т. 13, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕНКАЎ Алег Мікалаевіч (н. 21.9.1958, г. Спас-Дземенск Калужскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1997 гал. рэдактар рэдакцыі муз. і забаўляльных праграм Бел. тэлебачання. Працуе ў розных жанрах. Яго сімф. музыцы ўласціва спалучэнне прыёмаў скразнога развіцця з канцэртаваннем, стылістыкі барока і класіцызму з сучаснай кампазіцыйнай тэхнікай. Сярод твораў: кантата «Купалаў час» на словы Я.​Купалы (1982); сімфоніі — 1-я і 3-я (1980, 1986), камерныя 2-я і 4-я (1981, 1986); «Дывертысмент» і «Камерная музыка» для стр. арк.; камерна-інстр. творы, у т. л. санаты, санаціна, «Варыяцыі» для цымбалаў (1990); п’есы для рок-гурта, біг-бэнда і спрынг-бэнда; песні на словы бел. і інш. паэтаў; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУХМА́НАЎ Давыд Фёдаравіч (н. 20.9.1940, Масква),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1983). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1963). Працуе ў розных жанрах, найб. актыўна ў жанры песні: «Мой адрас — Савецкі Саюз», «Які цудоўны гэты свет» (абедзве 1973), «Дзень Перамогі» (1975), «Радзіма мая» (1976), «Прыцяжэнне зямлі» (1977), «Дадзім шар зямны дзецям» (сл. Назыма Хікмета, 1978), «Алімпіяда-80», «Ненаглядная мая старана» (абедзве 1980). Сярод інш. твораў: кантата «За даллю — даль» (паводле А.​Твардоўскага, 1963); фп. п’есы; вак. цыклы; рок-сюіты «Па хвалі маёй памяці», «НЛА» (1970-я г.), музыка да спектакляў драм. т-ра, кінафільмаў і радыёпастановак.

т. 16, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНЦАВА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

у шырокім сэнсе — музыка для суправаджэння танца, а таксама муз. творы, якія захоўваюць прыкметы танц. жанраў, але прызначаны для слухання; у вузкім сэнсе — лёгкая музыка, якая суправаджае бытавыя танцы, састаўная частка эстр. і джазавай музыкі. Для Т.м. характэрны дамінаванне метра, тыповыя рытмавыя формулы, акрэсленасць кадэнцый, перавага інстр. жанраў (не выключаецца і вакал).

Т.м. — адзін са стараж. відаў музыкі. Першапачаткова Т.м. — вакальная, а першыя муз. інструменты — ударныя; падзялялася на нар. і прафес. (палацавая, цырыманіяльная, тэатралізаваная). На працягу развіцця Т.м. і некат. муз. жанры ўплывалі адзін на адзін. Да Т.м. адносяцца творы прафес. аўтараў з самаст. маст. каштоўнасцямі, якія маюць жанрава-танц. аснову (вальсы і мазуркі Ф.​Шапэна, «Славянскія танцы» А.​Дворжака, «Арагонская хота» М.​Глінкі). У гэтых творах элементы Т.м. спалучаюцца з танцавальнасцю як асаблівым эстэт. прынцыпам. У агульнамаст. плане танцавальнасць уласціва значнай колькасці твораў прафес. музыкі самых разнастайных жанраў. З 20 ст. Т.м. — найб. пашыраны від муз. мастацтва, што належыць да масавай культуры (гл. Поп-музыка). Сваёй папулярнасцю і уніфікаванасцю Т.м. абавязана сродкам масавай інфармацыі. Сярод традыц. і сучаснай Т.м. 20 ст. найб. папулярныя вальс, танга, рок-н-рол, брэйк-данс інш.

Літ.:

Ефименкова Б. Танцевальные жанры в творчестве замечательных композиторов прошлого и наших дней. М., 1962.

т. 15, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ,

1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл. Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).

2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.

3) Стройнасць, зладжанасць выканання.

4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.​Купалы («Паўлінка» Я.​Купалы, «Трыбунал» А.​Макаёнка), імя Я.​Коласа («Несцерка» В.​Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.​Козела) і інш.

І.​Дз.​Назіна (музыка).

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)