Рауля закон 9/126

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA​0 − pA)/pA​0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA​0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАУ́ЛЬ ((Raoult) Франсуа Мары) (10.5.1830, Фурн-ан-Веп, Францыя — 1 4.1901),

французскі хімік і фізік Чл.-кар. Парыжскай АН (1890). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Вучыўся ў Парыжскім ун-це. З 1853 выкладаў у розных ліцэях. З 1867 у Грэнобльскім ун-це (з 1870 праф.). Навук. працы па электра- і тэрмахіміі, аналіт. хіміі, даследаванні раствораў. Устанавіў законы, названыя яго імем (гл. Рауля законы), распрацаваў метад крыяскапіі. Аўтар манаграфіі «Крыяскапія» (1901).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975. С. 404.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ДА (Gedda; сапр. Усцінаў) Мікалай

(н. 11.7.1925, Стакгольм),

шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.​А.​Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.​Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.​Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, Э.​Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус. нар. песень і старадаўніх рамансаў.

Тв.:

Рус. пер. — Дар не дается бесплатно. М., 1983.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА,

маса малекулы, выражаная ў атамных адзінках масы; адна з канстантаў, якая характарызуе індывідуальнае рэчыва. М.м. роўная суме мас атамаў, што ўваходзяць у склад малекулы. М.м. (абазначаецца М або μ) уваходзіць у многія ўраўненні і суадносіны, якімі карыстаюцца пры разліках у хіміі і фізіцы. У хіміі і хім. тэхналогіі часцей карыстаюцца адноснай М.м. — безразмернай велічынёй, роўнай адносінам малярнай масы малекулы рэчыва да 712 малярнай масы атама вугляроду-12. Эксперым. вызначэнне М.м. неабходна для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў, а таксама пры даследаванні высокамалекулярных злучэнняў, уласцівасці якіх істотна залежаць ад іх М.м. (гл. Малекулярная маса палімера).

Асн. метадам вызначэння М.м. лятучых рэчываў з’яўляецца мас-спектраметрыя. Вызначэнне М.м. нелятучых і недысацыіруючых у растворах рэчываў заснавана на вымярэнні калігатыўных уласцівасцей (г. зн. уласцівасцей, якія залежаць ад колькасці раствораных часціц) — паніжэння ціску пары (апісваецца законам Рауля) і т-ры замярзання (гл. Крыяскапія), павышэння т-ры кіпення (гл. Эбуліяскапія) раствораў у параўнанні з чыстым растваральнікам. У асмаметрыі М.м. рэчыва (звычайна высокамалекулярнага) устанаўліваюць па значэнні асматычнага ціску, які ўзнікае пры раздзяленні кампанентаў раствору на паўпранікальнай мембране (гл. Осмас). Сярэднія значэнні М.м. палімераў устанаўліваюць па калігатыўных уласцівасцях разбаўленых раствораў, колькасці падвойных сувязей ці функцыянальных груп (метадамі функцыян. аналізу), а таксама па вязкасці, святлорассеянні іх раствораў і па рэалагічных характарыстыках для палімераў высокай ступені полімерызацыі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВО́РЫ,

гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл. Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл. Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.

У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз. растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл. Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.

Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.

Літ.:

Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;

Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;

Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ. М., 1990.

У.​С.​Камароў.

Растворапомпы: 1 — стацыянарная поршневая (плунжэрная); 2 — перасоўная поршневая.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)