Закон расшчаплення 7/141—142

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЭ МНО́ЖНІК,

каэфіцыент у формуле для вызначэння расшчаплення ўзроўняў энергіі ў магн. полі (гл. Зеемана з’ява). Вызначае маштаб расшчаплення ў адзінках магнетона Бора, а таксама адносную велічыню гірамагнітных адносін. Уведзены ў 1921 ням. фізікам А.​Ландэ. Значэнні Л.м. залежаць ад арбітальных і спінавых момантаў асобных электронаў, напр., для чыста арбітальнага моманту Л.м. роўны 1, для чыста спінавага — 2.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЕПТЫДА́ЗЫ,

група ферментаў кішачнага соку. Удзельнічаюць у працэсах стрававання. Каталізуюць гідралітычнае расшчапленне поліпептыдаў (прадуктаў расшчаплення бялкоў) з утварэннем свабодных амінакіслот. Расшчапленне ажыццяўляецца толькі з таго канца поліпептыднага ланцуга, дзе ёсць свабодная амінагрупа (NH2).

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАМ (араб., ад грэч. kalamos трыснёг),

трысняговае пяро. Са старажытнасці служыла для пісьма. У народаў сярэдневяковага Усходу, якія карысталіся арабскім алфавітам, для розных відаў пісьма існавалі розныя спосабы рэзкі і расшчаплення трыснягу. У сярэдневяковых усх. трактатах К. называлі таксама пэндзаль для жывапісу.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕНА́ЗА,

пратэалітычны фермент з вузкаспецыфічнай накіраванасцю да расшчаплення калагену з выдзяленнем амінакіслаты — аксіпраліну. Паводле саставу блізкая да калагену. У медыцыне К. — ферментны прэпарат, які стымулюе рассысанне тканак, што маюць калаген (напр., рубцовы), адарванне змярцвелых тканак пасля апёкаў, абмаражэння і інш. Атрымліваюць К. з падстраўнікавай залозы забойнай жывёлы.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭО́ЛІЗ (ад прата... + лізіс),

працэс ферментатыўнага расшчаплення бялкоў да пептыдаў і амінакіслот. У біял. сістэмах пашыраны рэакцыі абмежаванага П., калі гідролізу падпадае толькі абмежаваная колькасць сувязей, размешчаных на паверхні бялковай малекулы, што прыводзіць да ўтварэння невял. колькасці фрагментаў. З рэакцыямі абмежаванага П. звязана ажыццяўленне шэрагу фізіял. працэсаў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА-РЭЗАНА́НСНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я, мёсбаўэраўская спектраскапія,

метад рэзананснага паглынання гама-квантаў без аддачы. Заснавана на Мёсбаўэра эфекце. Дазваляе праводзіць вымярэнні энергіі з дакладнасцю да натуральнай шырыні гама-лініі. Выкарыстоўваецца для вывучэння звыштонкага расшчаплення ядз. узроўняў, ацэньвання радыуса ўзбуджаных ядраў, дыфузіі атамаў, дынамічных з’яў пры фазавых пераходах, спінавай рэлаксацыі і інш.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДАЛА́ЗЫ,

ферменты класа ліязаў, якія зваротна каталізуюць расшчапленне сувязяў паміж атамамі вугляроду ў вугляводах. У вял. колькасці ёсць у жывёльных, раслінных і мікраарганізмах (у мышцах млекакормячых альдалазаў да 10% ад усіх растваральных бялкоў). Маюць асабліва важнае значэнне ў працэсах анаэробнага расшчаплення цукроў, напр. пры гліколізе і фотасінтэзе. Каталізуюць рэакцыі паміж альдэгідамі і кетонамі.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕМАН ((Zeeman) Пітэр) (25.5.1865, Зонемайрэ, Нідэрланды — 9.10.1943),

нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1890). Працаваў у Лейдэнскім і Амстэрдамскім ун-тах (з 1900 праф.). Навук. працы па оптыцы, магнітаоптыцы, атамнай спектраскапіі. Адкрыў з’яву расшчаплення спектральных ліній пад дзеяннем магн. поля (гл. Зеемана з’ява). Даследаваў падвойнае праменепераламленне ў эл. полі, распрацаваў метад вызначэння каэф. паглынання эл.-магн. хваль, вызначыў аптычныя пастаянныя шэрагу металаў. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з Х.А.Лорэнцам).

Літ.:

Льоцци М. История физики. М., 1970. С. 297—299.

П.Зееман.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)