МАЧАВЫ́ ПУЗЫ́Р,

орган некаторых беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека, у якім назапашваецца мача перад вывядзеннем з арганізма. У беспазваночных жывёл бывае няпарны (напр., у калаўротак), множны (напр., у малашчацінкавых чарвей, п’явак), парны (напр., у вышэйшых ракападобных). У пазваночных жывёл звычайна няпарны. У чалавека М.п. — полы мешкападобны орган мочапалавой сістэмы, размешчаны ў малым тазе. Сярэдняя ёмістасць 500 см³. Сценкі высланы слізістай абалонкай. Мача паступае ў М.п. праз мачаточнікі. Нерв. элементы ў абалонках М.п. рэагуюць на расцягванне органа пры напаўненні, выклікаюць рэфлекторнае скарачэнне гладкіх міяцытаў мышачнай абалонкі і расслабленне сфінктэраў, што вядзе да мочавыдзялення.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,

будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл. Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя вырабы і канструкцыі з бетону. З-за недастатковай трываласці на расцягванне выкарыстоўваюцца ў асноўным у частках будынкаў і збудаванняў, дзе пераважаюць намаганні сціскання, напр., сценавыя камяні і блокі, фундаментныя блокі, слупы, тратуарныя пліты і інш.; таксама пры ўзвядзенні масіўных збудаванняў (плацін, падпорных сцен, маставых апор). Для збудаванняў, дзе неабходна ўспрымаць намаганні расцягвання, бетонныя вырабы і канструкцыі ўзмацняюць стальной і інш. арматурай (гл. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі).

Фармуюць вырабы і ўшчыльняюць бетонную сумесь вібрыраваннем (сумесь з адносна малой колькасцю вады), цэнтрыфугаваннем (вытв-сць жалезабетонных труб), вібравакуумаваннем (сумесь з адносна вял. колькасцю вады), вібрапрасаваннем (танкасценныя канструкцыі). Даўгавечныя, вогнеўстойлівыя, эканамічныя.

Бетонныя вырабы і канструкцыі: 1 — фундаментныя блокі; 2 — сценавыя блокі.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)