ФІ́НІШНЫЯ МЕ́ТАДЫ АПРАЦО́ЎКІ,

завяршальныя аперацыі мех. апрацоўкі дэталей. У выніку іх фарміруюцца геам. і фізіка-мех. характарыстыкі паверхневага слоя.

Асн. групы Ф.м.а.: апрацоўка лязовым інструментам (алмазнае і эльборавае тачэнне і расточванне, рассвідроўванне адтулін, шабранне, шэвінгаванне, апрацоўка метал. шчоткамі); звязаным абразівам (шліфаванне абразіўнымі, алмазнымі і эльборавымі кругамі, ханінгаванне, суперфінішыраванне суперфінішаванне*); эластычным інструментам (шліфаванне і паліраванне абразіўнымі, алмазнымі і эльборавымі стужкамі, эластычнымі кругамі і брускамі, палімерна-абразіўнымі шчоткамі); свабодным абразівам (даводка, гідра-, вібра-, пнеўмаабразіўная, магнітнаабразіўная апрацоўка, апрацоўка свабодным абразівам, ушчыльненымі інерцыйнымі сіламі і інш.); паверхневым пластычным дэфармаваннем (алмазнае выгладжванне, вібраабкатванне, раскатванне, дарнаванне, працягванне, ультрагукавое мікрадэфармаванне і інш.); эл. токам і хімічна актыўным асяроддзем (анодна-мех., электраімпульсная, электраэразійная апрацоўка, электрахімічная апрацоўка).

На Беларусі прагрэсіўныя тэхналогіі фінішнай апрацоўкі распрацоўваюцца ў Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це і інш.

Дз.​Ф.​Усціновіч.

т. 16, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКА́РНЫ СТАНО́К,

станок для апрацоўкі рэзаннем загатовак з металаў і інш. матэрыялаў у выглядзе цел вярчэння; найб. пашыраны тып металарэзных станкоў.

На Т.с. робяць аперацыі: абточванне цыліндрычных, канічных, тарцовых і фасонных паверхняў; адразанне, расточванне; праточванне канавак; наразанне рэзьбаў і інш. Загатоўка атрымлівае вярчэнне ад шпіндэля, рэзальны інструмент перамяшчаецца па розных траекторыях. Адрозніваюцца Т.с. канструкцыяй і тэхнал. магчымасцямі (такарна-вінтарэзныя, -рэвальверныя, -лабавыя, -карусельныя, -запатыльныя і інш.), размяшчэннем восі шпіндэля ў прасторы (гарыз., верт.), колькасцю інструментаў (адна- і шматразцовыя) і шпіндэляў (адна- і шматшпіндэльныя), дакладнасцю, ступенню аўтаматызацыі (звычайныя. паўаўтаматы. аўтаматы) і інш. Існуюць спецыялізаваныя (напр., колатакарныя) і спец., у т. л. для апрацоўкі вырабаў з драўніны, пластмасы і інш. матэрыялаў.

На Беларусі Т.с. з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем вырабляе Мінскі завод аўтаматычных ліній.

А.​І.​Качаргін.

Такарны станок: а — універсальны такарна-вінтарэзны (Германія): 1 — пярэдняя бабка; 2 — шпіндэль; 3 — супарт; 4 — люнет; 5 — задняя бабка; 6 — хадавы вінт; 7 — хадавы вал; 8 — станіна; б — шматмэтавы станок (Японія).

т. 15, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)