ВАСІ́ЛЬЕЎ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),

рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.​К.​Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).

Літ.:

Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (сапр. Гарэлаў Іван Мікалаевіч; 19.1.1849, г. Наваміргарад, Украіна — 23.6.1925),

расійскі акцёр і педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1867 іграў у правінцыі. У 1880—1924 акцёр Александрынскага т-ра (Пецярбург), адначасова з 1883 выкладаў у тэатр. вучылішчы. Арганічнае пачуццё жыццёвай праўды, віртуознае валоданне тэхнікай пераўвасаблення, майстэрствам сцэн. мовы, міміка дазвалялі яму з поспехам выступаць у вадэвілях, камедыях, драмах: Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Мошкін («Халасцяк» І.​Тургенева), Гараднічы, Падкалесін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.​Гогаля), Іванаў, Чабутыкін («Іванаў», «Тры сястры» А.​Чэхава).

Тв.:

Рассказ о прошлом. Л.;

М., 1962.

Літ.:

Брянский А. В.​Н.​Давыдов, 1849 — 1925: Жизнь и творчество. Л.;

М., 1939.

У.М.Давыдаў.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЦЯРЭ́НКА (Аляксандр Андрэевіч) (н. 6.8.1935, с. Падгорнае Калачаеўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

расійскі і бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). З 1959 выкладаў у Чымкенцкім (у 1965—66 заг. кафедры), Калужскім пед. ін-тах. З 1989 у Віцебскім ун-це. Навук. працы па гісторыі рус. л-ры 19 ст., творчасці Л.​Талстога, тэорыі л-ры, эстэтыцы. Аўтар кн. «Аўтарскі пачатак у эпічным творы» (1982), «Л.​М.​Талстой і руская літаратура» (2000), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Тэорыя літаратуры і метадалогія аналізу мастацкага твора» (1993), «Руская літаратура ў кантэксце сусветнай» (1998, у сааўт.), «Навукова-метадычныя матэрыялы літаратуразнаўчага цыкла» (1999. ў сааўт.).

Тв.:

Проблема «авторского начала» в художественном творчестве Л.​Н.​Толстого // Вопр. философии. 1984. №7;

Рассказ — повесть — роман: динамика жанров и повествование в художественной прозе Л.​Н.​Толстого // Жанр и творческая индивидуальность. Вологда. 1990;

Луначарский читает Достоевского и Бахтина: Опыт объективного анализа // Диалог. Карнавал. Хронотоп. 1999. № 3;

Ф.​М.​Достоевский и Л.​Н.​Толстой как мыслители и художники // Весн. Віцеб. дзярж. ун-та. 2000. № I.

Л.​В.​Календа.

т. 11, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)