ЧАТЫРОХГАДО́ВЫ СОЙМ 1788—92,
доўгатэрміновая дзейнасць заканадаўчага органа Рэчы Паспалітай — Вялікага сойма, які спрабаваў рэфармаваць грамадска-паліт. лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй. Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння тэрміну саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэс. колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.Малахоўскі і ген. артылерыі ВКЛ К.Н.Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы caros, які гарантаваў тэр. цэласнасць і ўзаемадапамогу. Сойм без уліку магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Камісіі вайсковай абодвух народаў. 19.1.1789 скасаваў Пастаянную раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. 7.9.1789 стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэр. дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы. 268 прадстаўнікоў ад 141 горада 24.11.1789 унеслі патрабаванне пра ўраўнаванне грамадзянскіх правоў мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм усклаў на сябе ўсю паўнату ўлады, для чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў, хоць апошнія выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу. Прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам», быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі. 16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца і працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку за карыстанне чужой маёмасцю. ВКЛ падзелена на 34 паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй, у т. л. Брэст, Вільня, Гродна, Мінск, Навагрудак, Пінск. Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць вайскоўцаў і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком. У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады. Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. староствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзбр. сілай. 11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкія цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) В.Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791. 3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што выкарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і ўмяшання Расіі сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 сойм прыпыніў сваю дзейнасць, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.
Я.К.Анішчанка.
т. 17, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)