«Раскрыццё неазначальнасці» (матэм.) 7/466

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНАСЕ́КЦЫЯ,

раскрыццё прасвету вены разрэзам для ўвядзення ў яе канюлі, іголкі ці катэтэра. Робяць венасекцыю пры неабходнасці працяглай інфузійнай тэрапіі і дрэнна выяўленых венах для ўнутрывеннага ўвядзення лек. прэпаратаў, крыві, кровазаменнікаў або для дыягнастычных даследаванняў. Выкарыстоўваюць вены локцевай ямкі, ступні, радзей падскурную вену бядра. Пры венасекцыі магчымы ўскладненні (трамбіраванне канюлі, флебіт, інфіцыраванне раны, тромбафлебіт, поўнае перасячэнне вены і інш.).

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫК у батаніцы,

простае батрычнае суквецце з пашыранай галоўнай воссю ў выглядзе канічнай ці сподкападобнай пляцоўкі, на якой шчыльна размешчаны дробныя кветкі. Абкружана шматлістай абгорткай. Характэрна для раслін пераважна сям. складана-кветных, некат. парасонавых і званочкавых.

Такая будова суквецця спрыяе апыленню кветак. Для прадухілення самаапылення выпрацаваліся розныя біял. прыстасаванні (напр., паступовае раскрыццё кветак, розны тэрмін развіцця тычынак ці песцікаў і інш.).

т. 8, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЗНАЧЭ́ННЕ, дэфініцыя,

устанаўленне, раскрыццё зместу якога-небудзь паняцця. Дае магчымасць фармуляваць крытэрыі вылучэння аб’екта, які вывучаецца, сярод іншых аб’ектаў, а таксама магчымасць фармуляваць або ўдакладняць значэнне тэрмінаў (слоў, словазлучэнняў). Вызначэнні фармулююцца ў працэсе навук. даследавання ў наяўным выглядзе і складаюць найважнейшую частку навук. тэорый і іх фрагментаў, адносна завершаных разважанняў. Адлюстроўваючы аб’екты ў іх істотных прыкметах, вызначэнні скарачаюць складаныя апісанні і замяняюць іх больш простымі.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Яніс) (н. 4.1.1922, Ропажская вол. Рыжскага пав.),

латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Скончыў Латвійскі ун-т (1951). Дэбютаваў як тэатр. крытык. Даследуе творчасць лат. пісьменнікаў, літ. жанры. Аўтар манаграфіі «У свеце сатыры» пра драматургічную спадчыну А.​Упіта (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), біягр. раманаў «Андрэй Пумпур» (1964), «Райніс» (1977, Дзярж. прэмія Латвіі 1980), «Аўсекліс» (1981), у якіх раскрыццё жыццёвых з’яў спалучана з дакладнай распрацоўкай сюжэта і характару герояў. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Л.​Дранько-Майсюк.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРЦЫ́ЙНАЯ ТА́ЙНА,

звесткі, звязаныя з вытв., тэхнал., гандл., фін. дзейнасцю прадпрыемства, кампаніі, фірмы, банка і інш., раскрыццё якіх можа нанесці шкоду іх інтарэсам. Дазваляе абараніць прадпрыемствы, інш. фарміраванні ад нядобрасумленных канкурэнтаў, бязвыплатнага карыстання прадуктамі інтэлектуальнай працы (напр., вынаходніцтвамі, інавацыямі) і інш. Склад і аб’ём звестак, што з’яўляюцца К.т. парадак іх абароны вызначаюцца кіраўніком прадпрыемства (фірмы, банка і інш.) у адпаведнасці з заканадаўствам. Службовыя асобы дзярж. органаў, упаўнаважаныя праводзіць праверкі дзейнасці прадпрыемства, маюць права адпаведна іх кампетэнцыі знаёміцца са звесткамі, якія складаюць К.т., пры ўмове іх захавання і адказнасці за іх выдаванне.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНАЕ СУДАВО́ДСТВА, крымінальны працэс,

рэгламентаваная законам і ўвасобленая ў форму праваадносін дзейнасць органаў дазнання, папярэдняга следства, пракуратуры і суда, зместам якой з’яўляецца ўзбуджэнне, расследаванне, суд. разгляд і вырашэнне крымін. спраў, а таксама выкананне прыгавораў. У крымін.-працэсуальным праве Рэспублікі Беларусь мае наступныя стадыі: узбуджэнне крымін. справы, папярэдняе расследаванне, адданне пад суд, судовы разбор, касацыйнае судаводства, выкананне прыгавору. У некат. выпадках крымін. справа праходзіць таксама дадатковыя стадыі: перагляд справы ў парадку суд. нагляду, аднаўленне справы па новаадкрытых акалічнасцях. Задачы К.с.: хуткае і поўнае раскрыццё злачынства, выяўленне і абвінавачанне злачынцы, забеспячэнне правільнага выкарыстання заканадаўства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАРТЫРАЛО́Г БЕЛАРУ́СІ»,

добраахвотнае грамадска-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму. Створаны 19.10.1988 у Мінску на ўстаноўчым сходзе, які зацвердзіў статут і дэкларацыю т-ва. Кіруючыя органы «М.Б.» — канферэнцыя і грамадская рада, выканаўчыя — выканаўчая камісія і рабочыя групы. Асн. мэты — раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920—50-я г., высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці. Выдадзены бюлетэнь «Мартыралог» (1989), зняты дакумент. фільм «Дарога ў Курапаты» (1990, рэж. М.​Жданоўскі), праведзена канферэнцыя «Час, помнікі, людзі. Памяці рэпрэсіраваных археолагаў» (1993) створаны каталог памятных знакаў (больш за 40), устаноўленых на месцах пахавання ахвяр паліт. рэпрэсій.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ГАДЭРЭ ((Brigadere) Ганна Крыш’янаўна) (1.10.1861, воласць Тэрветэ, Латвія — 25.6.1933),

латышская пісьменніца. Скончыла аднагадовыя пед. курсы (1885). Пісала вершы, апавяданні, п’есы-казкі. Асаблівае месца ў творчасці Брыгадэрэ адведзена жанчыне як захавальніцы маральнай чысціні грамадства. Рэаліст. карціны рэчаіснасці, таленавітае раскрыццё жаночых характараў спалучаны з рэліг. ідэямі, філасофіяй пакоры пакутам. Найб. значныя творы: п’есы «Прынцэса Гундэга і кароль Брусубарда» (1912), «Мая і Пая» (1921), «Чароўная птушка Лаліты» (1926; у п’есах выкарыстоўвала фалькл. сюжэты), аўтабіягр. трылогія «Бог, прырода, праца», «У суровых вятрах», «У каменнай клетцы» (1926—33). На бел. мову асобныя творы Брыгадэрэ пераклаў А.​Рыбак (зб. «Песня Даўгавы», 1986).

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—20. Rīga, 1912—39.

Э.​Кнопе.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,

кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.​С.​Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)