Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКА (Lemna),
род кветкавых раслін сям. раскавых. Каля 10 відаў. Пашыраны амаль усюды. На Беларусі 3 віды Р.: гарбатая (L. gibba), маленькая (L. minor) і трохдольная (L. trisulca), нар. назва жабіна дзяружка. Трапляюцца ў азёрах, старыцах, канавах, часам утвараюць суцэльнае покрыва на паверхні стаячага вадаёма.
Шматгадовыя водныя травы ў выглядзе авальнай або падоўжанай лістападобнай зялёнай пласцінкі (наз. лісцец, або фронд) даўж. да 1 см, з карэньчыкам або без яго і з бакавой кішэнькай. Свабодна плаваюць на паверхні вады ці ў яе тоўшчы адзіночна або ў групах па 2—10. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна — пупышкамі, якія закладваюцца ў кішэньцы, часам развіваецца суквецце з 2 тычынкавых і 1 песцікавай моцна рэдукаваных кветак. Плод (калі ён утвараецца) — мяшочкападобны, 1—7-насенны. Зімуе Р. на дне вадаёма. Увесну з вегетатыўных пупышак утвараюцца новыя расліны і ўсплываюць на паверхню вады. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),
сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІ́ТЫў біялогіі,
віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш.Гл. таксама Эндэмікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАЧ (Мікалай Рыгоравіч) (7.8.1938, в. Маціёва Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
дзеяч бел. дыяспары ў Расіі. Канд.эканам.н. (1999). Скончыў Маскоўскі аўтадарожны ін-т (1966). З 1972 у КБ крыніц высокаінтэнсіўнага святла (г. Зеленаград, Расія). З 1973 у «Литературной газете». З 1983 у Дзяржкамінтурысце Расіі, вядучы спецыяліст, ген. дырэктар акц.т-ва «Раска». Навук. працы па праблемах эканам. інтэграцыі Беларусі і Расіі. Значны ўклад яго ў аднаўленне інфраструктуры стараж.бел. гарадоў, буд-ваправасл. храмаў. Дзеяч нац.-культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСТО́Н (ад грэч. neustos які плавае),
сукупнасць мікраарганізмаў, раслін і жывёл, што жывуць на мяжы воднага і паветр. асяроддзя, у зоне плёнкі паверхневага нацяжэння вады. Складаецца з арганізмаў, якія жывуць на паверхні вады (эпінейстон) і ў падпаверхневым (на глыб. да 5 см) слоі (гіпанейстон). У складзе эпінейстона — клапы-вадамеркі, жукі-вертуны, павукі-даламеды, некат. віды мух і інш., сярод раслін — раска, сальвінія плаваючая і інш. У складзе гіланейстона пераважаюць бактэрыі, прасцейшыя, лічынкі планктонных і донных беспазваночных, дробныя лёгачныя малюскі, ікра, лічынкі і маляўкі рыб. На Беларусі Н. найб. багаты ў стаячых вадаёмах, затоках. Паводле якаснага і колькаснага складу Н. вызначаюць ступень і інтэнсіўнасць забруджвання вады (біяіндыкацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,
прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
Да арт.Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.