Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́СЕНКА,
рака ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 271 км². Пачынаецца за 1 км на У ад в. Пішчыкі, вусце на паўн. ускраіне в. Расасна. Цячэ па зах. схілах Смаленскага ўзв. Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 2,4 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 5—7 м, у ніжнім цячэнні да 10 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́БЫ,
вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на р.Расасенка, на аўтадарозе Дуброўна — в. Баева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Дуброўна, 107 км ад Віцебска, 24 км ад чыг. ст. Асінаўка. 472 ж., 190 двароў (1997). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́СНА,
вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р.Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ РАЁН,
на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 24 тыс.чал. (1997), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Дуброўна, р.п.Асінторф, 149 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Баеўскі, Валяўкоўскі, Дабрынскі, Зарубскі, Засценкаўскі, Кляноўскі, Малабахаўскі, Маласавінскі, Пірагоўскі, Рэдзькаўскі.
Паверхня раўнінная, хваліста-платопадобная. На Пд частка Смаленскага ўзвышша, на ПнЗ адгор’е Аршанскага ўзвышша, на ПнЛучоская нізіна. Найвышэйшая адзнака 226,4 м (на ПдЗ ад в. Ляхаўка). Пераважаюць вышыні 180—210 м. Карысныя выкапні: торф. гліны, гравій, пясок. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. З ПнУ на ПдЗ раёна перасякае р. Дняпро з прытокамі Мярэя, Расасенка, Дубровенка (Задубровенка), на Пн — Вярхіта, на ПдЗ — вярхоўі Проні і Басі. Па тэр. раёна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Найб. азёры Казённае і Афанасьеўскае. Дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць 91,4% с.-г. угоддзяў. Пад лесам 19% тэр., пераважна на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя і інш., трапляюцца шыракалістыя, з іх 72% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць каля 5,2 тыс.га, найб.Асінаўскае балота і Шчэрбінскі Мох. Зоны адпачынку Лясная дача і Дняпроўка.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 78 тыс.га, з іх асушана 27 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 13 калгасаў, 7 саўгасаў, міжгасп. прадпрыемства па кормавытворчасці. С.-г.вытв-сць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і льнаводстве, пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. Прадпрыемствы паліўнай, лёгкай, харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Масква, транзітныя магістральныя газаправоды. Дуброўна аўтадарогамі звязана з Оршай, Горкамі, Асінторфам. Красным (Расія). У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. і 3 муз. школы, школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 18 дашкольных устаноў, СПТВ, 2 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, 28 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к. Помнікі архітэктуры: паркі ў в. Арловічы (19 — пач. 20 ст.) і ў в. Станіславова (19 ст.). Выдаецца газ. «Дняпроўская праўда».