РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),
1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.
2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.
т. 13, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІЗМ (ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),
устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.
І.Л.Бурак.
т. 1, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)