РАПА́НЫ (Rapana),

род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.​Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.

Ракавіна даўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.

Ракавіна рапаны тамазіяны.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭДНЯШЧЭ́ЛЕПНЫЯ МАЛЮ́СКІ, пярэдняжаберныя малюскі (Prosobranchia),

падклас бруханогіх малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). Паводле розных класіфікацый, ад 2 да 24 атр., каля 500 сям., больш за 50 тыс. відаў. Жывуць у морах, прэсных водах і на сушы. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. На Беларусі 14 відаў, найб. трапляюцца бітыніі, жывародкі, вальваты.

Памеры ад 1 мм да 1 м, маса ад доляў міліграма да некалькіх кілаграмаў. Цела асім., звычайна ўкрыта ракавінай спіральнай. сподачкападобнай і інш. формы; складаецца з галавы, вантробнага мяшка з мантыяй і «нагі». Дыхае шчэлепамі, якія размешчаны перад сэрцам (адсюль назва). Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. вузлоў і перакрыжаваных нерв. ствалоў. Ёсць органы стрававання, зроку, раўнавагі, дотыку, хім. пачуцця. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем або прамое. Водныя П.м. — корм для рыб і птушак. Некат. віды (літарыны, рапаны, марскія вушкі, трубачы і інш.) — аб’екты промыслу і марыкультуры.

А.​М.​Петрыкаў.

Пярэдняшчэлепныя малюскі: 1 — харонія-лямпа; 2 — смоўж шлем; 3 — плеўрабранхус; 4 — кабестана; ракавіны: 5 — сірынкс гіганцкі; 6 — лямбіс-скарпіён; 7 — верметус чэрвепадобны; 8 — епіскапская мітра.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)