БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ КАПІТА́ЛЬНАГА РАМО́НТУ І РЭКАНСТРУ́КЦЫІ АБ’Е́КТАЎ ЖЫЛЛЁВА-ГРАМАДЗЯ́НСКАГА ПРЫЗНАЧЭ́ННЯ (Белжылпраект) Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1973 у Мінску. Галаўны ін-т па праектаванні капітальнага рамонту і рэканструкцыі аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння. У 1989 у абл. гарадах былі створаны ін-ты такога ж кірунку дзейнасці (Брэстжылпраект, Віцебскжылпраект, Гомельжылпраект, Гроднажылпраект, Магілёўжылпраект). Асн. кірункі работы: праектаванне рэканструкцыі кварталаў жылой забудовы і культ.-гіст. цэнтраў гарадоў; дыягностыка канструкцый збудаванняў; распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для буд-ва буйных сістэм калектыўнага прыёму тэлебачання; інж.-геал. і тапографа-геадэзічныя вышуканні для новабудоўляў, рэканструкцыі і капітальнага рамонту будынкаў і збудаванняў; аказанне адукацыйных, кансалтынгавых, маркетынгавых і інш. паслуг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ПАРК, аўтапарк,
1) сукупнасць аўтатранспартных сродкаў (легкавых, грузавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, аўтацягачоў і прычэпаў), якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства, установы, вайсковай часці.
2) Месца, спецыяльна адведзенае і абсталяванае для захоўвання (стаянкі), абслугоўвання і рамонту аўтатэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ СТА́НЦЫЯ,
комплекс збудаванняў для водных відаў спорту. Уключае: адкрыты басейн для плавання, скачкоў у ваду і гульні ў воднае пола; прычалы і элінгі (памяшканні для захоўвання і рамонтуспарт. суднаў); дапаможныя памяшканні і інш. Адна з буйнейшых станцый у Беларусі на р. Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЯВЫ́Я МАШЫ́НЫ,
машыны і механізмы для буд-ва, рамонту і абслугоўвання чыгуначнага пуці. Выкарыстоўваюцца для: баласціроўкі пуці (электрабаласцёры. хоперы-дазатары, пуцепад’ёмнікі, трактарныя дазіроўшчыкі), ачысткі і ўшчыльнення баласту, выпраўкі пуці (шчэбенеачышчальныя, шпалападбівачныя, баластаўшчыльняльныя, выправачна-падбівачна-аддзелачныя і пуцерыхтовачныя машыны), зваркі і шліфоўкі рэек, зборкі і разборкі звёнаў, укладкі пуці (рэйказварачныя, звёназборачныя і звёнаразборачныя машыны, маторныя гайкавёрты, рэйка- і пуцеўкладчыкі), рамонту землянога палатна (пуцявыя стругі, дрэнажныя і земляўборачныя машыны), кантрольна-вымяральных работ (пуцевымяральныя і дэфектаскопныя вагоны і цялежкі), барацьбы са снежнымі заносамі (плугавыя і ротарныя снегаачышчальнікі, снегаўборачныя машыны), транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ (самаразгружальныя вагоны, дрызіны, матавозы, пуцерамонтныя лятучкі і інш.). Бываюць самаходныя і несамаходныя, на рэйкавым і гусенічным хаду, з аўтаномнай энергет. базай (да якой падключаюцца ўсе рухавікі) і неаўтаномнай (эл. энергія і сціснутае паветра паступаюць ад спец. лакаматыва).
П.м. пачалі выкарыстоўвацца ў 18 ст. (у Расіі іх выкарыстоўвалі пры буд-ве руднічных рэйкавых дарог), з 1840-х г. — пры ачыстцы пуцей ад снегу, з 1860-х г. — пры адсыпцы баласту (самаразгружальныя паўвагоны). З 1880 амаль усе пуцеўкладачныя работы механізаваны.
На Беларусі рамонтам і мадэрнізацыяй П.м. займаецца Пінскі з-д пуцявых машын.
І.І.Леановіч.
Пуцявыя машыны: а — камплект машын для капітальнага рамонту пуці паточным метадам (1 — пуцеразборачны поезд; 2 — баластаачышчальная машына; 3 — пуцеўкладачны поезд; 4, 6 — хопер-дазатарныя вяртушкі; 5 — выправачна-падбівачна-аддзелачная машына); б — пуцерамонтная лятучка; в — пуцявая ўборачная машына; г — шпіндэль маторнага гайкавёрта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Веньямін Веньямінавіч) (1839, Магілёўская губ. — 15.8.1881),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1862). У 1862—76 працаваў у Віцебскай буд.-дарожнай камісіі, у 1876—78 — полацкім епархіяльным архітэктарам. Аўтар праектаў рамонту з частковай рэстаўрацыяй Сафійскага сабора ў Полацку (1869), мураванай царквы для в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПО́ (франц. dēpôt літар. склад, сховішча),
прадпрыемства і спецыяльна абсталяваны будынак для стаянкі, абслугоўвання і рамонту рухомага саставу чыгунак (лакаматыўныя і вагонныя Д.), гар. наземнага (трамвайныя і тралейбусныя Д.) і падземнага (Д. метрапалітэна) электратранспарту, а таксама пажарных машын і прыстасаванняў (пажарнае Д.). Для рухомага саставу гар. транспарту ўжываецца таксама назва парк (аўтобусны, тралейбусны, трамвайны паркі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАДШЫ́ПНІКАВЫ ЗА́ВОД.
Засн. ў 1938 для рамонту падшыпнікаў. У 1941 эвакуіраваны ў г. Свярдлоўск. У 1944 адноўлены, у 1949 рэканструяваны, арганізаваны цэхі па вырабе новых тыпаў падшыпнікаў і шарыкаў для падшыпнікаў. У 1954 асвоены выпуск веласіпедных падшыпнікаў. З 1992 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя: шарыкі стальныя, падшыпнікі веласіпедныя і тавары нар. ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДКА́ЗНАСЦЬу тэхніцы,
уласцівасць вырабу захоўваць працаздольнасць на працягу некаторага часу ці пры выкананні пэўнага аб’ёму работы без вымушаных перапынкаў у зададзеных умовах эксплуатацыі. Для вырабаў, якія не падлягаюць рамонту ці замяняюцца пасля першага парушэння працаздольнасці, паказчыкамі безадказнасці могуць быць імавернасць безадказнай работы, інтэнсіўнасць адказаў і інш.; для рамонтапрыдатных вырабаў — напрацоўка на адказ, імавернасць безадказнай работы. Гл. таксама Надзейнасць.