ДЗВІН, Вастан Дзвін,
рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.
т. 6, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАГА,
старажытнарускі горад на р. Волхаў (цяпер с. Старая Л. Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл.). Згадваецца ў рус. летапісах і скандынаўскіх сагах. Да 10 ст. апорны пункт на шляху «з варагаў у грэкі», у 11—15 ст. крэпасць і рамесна-гандл- цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі, з 1478 — Маскоўскага вялікага княства. Эканам. значэнне страціла пасля буд-ва паўн. порта ў Архангельску, ваеннае захоўвала да 17 ст. У 1703 Пётр I перанёс горад у вусце Волхава (Новая Л.). На месцы стараж. Л. захаваліся рэшткі землянога вала, каменнай крэпасці, тры царквы 12—15 ст. з фрагментамі фрэсак. Раскопкі вядуцца з 1880-х г.
т. 9, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬДЫІ
(ад ням. Gilde карпарацыя),
у перыяд. ранняга сярэдневякоўя ў Еўропе розныя аб’яднанні (эканам., паліт., рэліг., пазней купецкія) для абароны інтарэсаў сваіх членаў. У Англіі і інш. краінах Еўропы гільдыямі называліся таксама аб’яднанні гар. рамеснікаў — цэхі. У Зах. Еўропе раннія гільдыі згадваюцца ў крыніцах 7—8 ст. У канцы 11 — пач. 12 ст. ў сувязі з развіццём гандлю ў Англіі, Германіі, Фландрыі, Францыі ўзніклі купецкія гільдыі, якія ствараліся з мэтай абароны купцоў і тавараў у дарозе, узаемадапамогі, атрымання гандл. Прывілеяў, манапалізацыі гандлю. На Беларусі т.зв. купецкія сотні вядомы з 12 ст. ў Полацку і Віцебску. У 17—18 ст. купецкія арг-цыі ў рамесна-гандл. цэнтрах ВКЛ, у т. л. ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Мінску, Пінску, Слуцку, называліся брацтвамі. Сход выбіраў 3 старшын — адм. і судовы орган брацтва. Рашэнні старшын і сходу зацвярджала гарадская рада. Пасля далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) на Беларусь пашыралася дзеянне рэгламенту Гал. магістрата, які абавязваў ствараць гільдыі ва ўсіх гарадах. У залежнасці ад велічыні капіталу купецтва падзялялася на тры гільдыі. Гільдзейскае купецтва мела шэраг прывілеяў. У 1863 трэцяя гільдыя скасавана. З развіццём капіталізму роля гільдыі паменшала, але падзел купецтва на гільдыі існаваў да 1917.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦТВЫ,
1) рэлігійна-нацыянальныя арг-цыі бел. і ўкр. гар. насельніцтва ў 16—18 ст. Існавалі правасл., уніяцкія, каталіцкія брацтвы. Ствараліся звычайна пры цэрквах, манастырах, касцёлах або парафіях. У іх уваходзілі рамеснікі, купцы, духавенства. Брацтвы займаліся рэліг. дабрачыннай дзейнасцю, распаўсюджваннем рэліг. л-ры. На Беларусі першыя праваслаўныя брацтвы ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. На пач. 17 ст. існавалі ва ўсіх значных гарадах. Брацтвы будавалі цэрквы, дамы прытулку, дапамагалі збяднелым «братчыкам», сіротам. З канца 16 ст. актыўна змагаліся супраць паланізацыі, акаталічвання, уніі, супраць нац. прыгнёту, абаранялі бел. мову, культуру бел. народа. Вялі культ.-асв. дзейнасць, адкрывалі брацкія школы і брацкія друкарні, адыгралі значную ролю ў пашырэнні і дэмакратызацыі адукацыі, л-ры, мастацтва, кнігадрукавання, школьнага тэатра. Каталіцкія брацтвы спрыялі пашырэнню ў бел. гарадах польск. культуры, утрымлівалі прытулкі, багадзельні і шпіталі, старым і хворым «братам», іх удовам і сіротам выдаваліся пенсіі і інш. Гал. мэтай уніяцкіх брацтваў (узніклі пасля Брэсцкай уніі 1569) была таксама рэліг. дабрачынная і асв. дзейнасць; яны зрабілі значны ўклад у развіццё бел. нац. культуры.
2) У сярэднія вякі брацтвамі наз. аб’яднанні гар. рамеснікаў (часам і сялян).
3) У 17—18 ст. — купецкія арг-цыі ў рамесна-гандл. цэнтрах Беларусі.
Літ.:
Харлампович К. Западнорусские церковные братства и их просветительная деятельность в конце XVI и начале XVII в. Б.м., 1899;
Папков А.А. Братства: Очерк истории западнорус. православных братств. Свято-Троицкая Сергиева Лавра. СПб., 1900;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
т. 3, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)