АСО́ЧНІКІ,

сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.

С.​Ф.​Цярохін.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1434,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл. бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)