Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,
ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л.ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРЫ́ЙНАГА ВЫРАТАВА́ННЯ СІСТЭ́МА ў касманаўтыцы, бартавая сістэма для выратавання экіпажа касм. карабля ў выпадку аварыі ракеты-носьбіта. Пры аварыі на старце і на пачатковым участку палёту забяспечвае катапультаванне касманаўтаў з касм. карабля з наступным спускам іх на парашутах або аварыйнае аддзяленне спускальнага апарата і адвод яго ад ракеты-носьбіта на бяспечную адлегласць (з дапамогай спец. ракетнага цвердапаліўнага рухавіка) з далейшым прызямленнем апарата з экіпажам на парашуце. Пры аварыі ракеты-носьбіта на вял. вышынях выратаванне экіпажа ажыццяўляецца аддзяленнем спускальнага апарата (ці ўсяго касм. карабля) ад ракеты-носьбіта з наступным палётам яго па траекторыі спуску і тармажэннем у атмасферы і пасадкай. Для памяншэння перагрузак выкарыстоўваецца кіроўны спуск з аэрадынамічнай якасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Braun) Вернер фон) (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),
канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЕГАЛО́ЎКАракеты,
галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІРАКЕ́ТА,
разнавіднасць кіроўнай ракеты для паражэння на траекторыях палёту ракет стратэгічнага, аператыўна-тактычнага і тактычнага прызначэння і іх галаўных частак. Мае звышгукавую скорасць палёту, аснашчана асколачна-фугаснымі і ядзернымі баявымі часткамі. П. маюць універсальныя зенітныя ракетныя комплексы, якія забяспечваюць проціракетную і процісамалётную абарону, агнявыя комплексы проціракетнай абароны. У якасці П. выкарыстоўваюць міжкантынент. балістычныя ракеты з многазараднымі галаўнымі часткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ СТУПЕ́НЬ, ступень ракеты,
частка шматступеньчатай ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным этапе актыўнага ўчастка траекторыі. Складаецца з ракетнага рухавіка, паліўнага адсека з запасам паліва, органаў і апаратуры кіравання, сістэмы раздзялення ступеней і інш. Пасля расходавання паліва і спынення работы рухавіка Р.с. аддзяляецца ад наступных ступеняў, якія працягваюць палёт. Апошняя Р.с. нясе карысны груз (галаўную частку, касм. апарат і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЬ (галанд. kiel) судна, 1) асноўная падоўжная бэлька ў дыяметральнай плоскасці карабля (судна), якая служыць асн. мацаваннем і сувяззю днішчавага набору, забяспечвае яго агульную трываласць. Бывае брусковы (у выглядзе бруса або некалькіх стальных палос), верт., гарыз., тунэльны і інш. 2) Вертыкальная ч.апярэння самалёта, верталёта, дырыжабля, ракеты. Служыць для надання ўстойлівасці і кіроўнасці лятальнаму апарату. К. авіяц.ракеты для зручнасці транспартавання і падвескі можа быць складным.