Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ І АРТЫЛЕ́РЫЯ,
род войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін СНД, у т. л. Беларусі; уваходзіць у склад сухапутных войск. У СССР створаны ў пач. 1960-х г. на аснове аб’яднання артылерыі і ракетных часцей сухапутных войск (гл.Ракетныя войскі). Здольныя знішчаць сродкі ядз. нападзення, авіяцыю на аэрадромах і аб’екты ППА; паражаць пункты кіравання войскамі, склады, вузлы камунікацый і інш., выкарыстоўваюцца таксама для паражэння караблёў праціўніка, марскіх дэсантаў і ваенна-марскіх баз. Ва Узбр. Сілах Беларусі складаюцца з падраздзяленняў, часцей і злучэнняў, якія ўваходзяць у склад аператыўных аб’яднанняў, агульнавайск. злучэнняў і рэзерву вярх. галоўнакамандавання. На ўзбраенні маюць ракетныя комплексы высокаманеўраныя скарастрэльныя артыл. сістэмы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНАЯ ЗБРО́Я,
зброя, у якой сродкі паражэння дастаўляюцца да цэлі з дапамогай ракет. Прызначана для паражэння наземных, марскіх, паветр. і касм. цэлей. Падзяляецца на стратэгічную, аператыўна-тактычную, тактычную; у залежнасці ад далёкасці дзеяння бывае блізкага, сярэдняга і далёкага дзеяння. На Беларусі Р.з. маюць сухап. войскі, войскі ППА і ВПС.
Вядома з 11—12 ст. (парахавыя ракеты ў Індыі і Кітаі), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 17—18 ст. Выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне. У 1950—60-я г. створаны ракетныя комплексы, якія знаходзяцца на ўзбраенні розных відаў і родаў войск. Выкарыстанне ракет у якасці носьбітаў ядз. боепрыпасаў прывяло да стварэння ракетна-ядзернай зброі. Гл. таксама Ракетныя войскі, Ракетныя войскі і артылерыя.
В.У.Макрынскі.
Да арт.Ракетная зброя. Міжкантынентальная балістычная ракета МХ «Піскіпер» (ЗША).Да арт.Ракетная зброя. Ракетны комплекс (зенітны) С-300 (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л. Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЛО́ДАЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
баявы надводны карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак. Як П.к. выкарыстоўваюцца авіяносцы, цяжкія атамныя ракетныя крэйсеры (напр., «Пётр Вялікі»), процілодачныя крэйсеры (сярод іх быў авіянясучы крэйсер «Мінск»), вял. і малыя П.к., вартавыя караблі, эскадраныя мінаносцы (у т. л. былы «Віцэ-адмірал Дрозд»), а таксама (пры адпаведным узбраенні) інш. караблі і катэры.
З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, найб. пашырыліся ў 2-ю сусв. вайну. Дзейнічаюць самастойна і ў складзе процілодачных сіл флатоў. Для выяўлення падводных лодак і сачэння за імі аснашчаны гідраакустычнай, гідралакацыйнай і інш. апаратурай, а для іх знішчэння — процілодачнымі ракетамі, тарпедамі, рэактыўнымі і газадынамічнымі бамбамётамі для кідання глыбінных бомбаў. Для самаабароны маюць ракетныя і артыл. комплексы, у т. л. зенітныя, і інш. ўзбраенне.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Процілодачны карабель. Атамны ракетны крэйсер «Пётр Вялікі» (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЙ АБАРО́НЫ,
від узбр. сіл, прызначаных для абароны ад паветр. нападу праціўніка. Узнікненне сродкаў ППА звязана з баявым выкарыстаннем авіяцыі ў 1-й сусв. вайне. Адрозніваюць войскі проціпаветранай абароны краіны і войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск (у арміях некаторых краін выкананне задач ППА ўскладзена на ВПС, якія маюць зенітныя ракетныя і інш. войскі). На сучасным этапе задачы войск проціпаветранай абароны цесна ўвязваюцца з задачамі процідзеяння сродкам касм. нападу.
Ва Узбр. Сілах Беларусі войскі проціпаветранай абароны складаюцца з зенітных ракетных, радыётэхн. і спец. войск. Задачы знішчэння сродкаў паветр. нападу выконваюць самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. відамі ўзбр. сіл. Войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск прызначаны прыкрываць войскі і іх тылавыя аб’екты ад паветр. нападаў праціўніка, уключаюць зенітныя ракетныя, зенітныя артыл. і радыётэхн. часці і падраздзяленні (гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт.Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАКу касманаўтыцы,
адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КРАН (Akron),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо. 227 тыс.ж., з прыгарадамі 650 тыс.ж. (1990). Трансп. вузел. Сусветны цэнтр гумавай прам-сці. Металаапр., маш.-буд. (станкі, аўтамабілі, дарожна-буд. машыны, падшыпнікі, ракетныя рухавікі, сілавыя ўстаноўкі да атамных падводных лодак), хім. (сінт. каўчук, смала і інш.), шынная, паліграф.прам-сць. Ун-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯЦЫ́ЙНЫ РУХАВІ́К,
цеплавы рухавік для забеспячэння палётаў лятальных апаратаў у каляземнай паветр. прасторы. Асн. тыпы авіяцыйнага рухавіка: паветрана-рэактыўныя рухавікі (пераважна турбарэактыўныя рухавікі), турбавінтавыя рухавікі і поршневыя бензінавыя (устанаўліваюцца на самалётах грамадз. авіяцыі спец. прызначэння).
Да кампрэсарных паветрана-рэактыўных авіяцыйных рухавікоў адносяцца газатурбінныя рухавікі прамой і непрамой рэакцыі (у т. л. турбавальныя, якія выкарыстоўваюцца ў асн. на верталётах). На самалётах пакарочанага, а таксама верт. ўзлёту і пасадкі прымяняюць пад’ёмныя і універсальныя пад’ёмна-маршавыя газатурбінныя рухавікі. На самалётах, здольных развіваць звышгукавыя скорасці, устанаўліваюць бескампрэсарныя праматочныя паветрана-рэактыўныя рухавікі ці змешаныя ўстаноўкі. Ёсць таксама пульсавальныя паветрана-рэактыўныя, вадкасна-ракетныя і паветрана-ракетныя рухавікі. Авіяцыйныя рухавікі аснашчаюць аўтам. сістэмамі, што аблягчае кіраванне імі, павышае іх эксплуатацыйную надзейнасць. Асн. паказчыкі дасканаласці авіяцыйнага рухавіка: удз. вага (адносіны вагі рухавіка да яго ўзлётнай цягі ці магутнасці) і ўдз. расход паліва (адносіны гадзіннага расходу паліва да крэйсерскай цягі ці магутнасці).