ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГХЕД (ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕНЬ,

прыроднае мінер. ўтварэнне; тонкі агрэгат крышт. (кварц, халцэдон) і аморфнага (апал) крэменязёму, часта з прымесямі карбанатаў і гліны. Утварае жаўлакі, канкрэцыі, радзей лінзы і пражылкі ў асадкавых, пераважна карбанатных (вапнякі, мел, мергель) горных пародах. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага, трапляецца з малюнкамі. Цв. 7. Звычайна шчыльны. Злом ракавісты. Паводле мінер. саставу адрозніваюць кварцавы, халцэдонавы, апал-халцэдонавы, халцэдонава-кварцавы і інш. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных парод і выветрыванні. Ідзе на выраб эмаляў, фаянсу, хім. посуду, выкарыстоўваецца як абразіўны матэрыял. На Беларусі пашыраны ў мергельна-мелавых пародах верхняга мелу, зрэдку трапляецца ў дэвонскіх, палеагенавых і інш. адкладах. У каменным веку К. з верхнемелавых адкладаў выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы, пазней як крэсіва, у т. л. ў крамянёвых ружжах. На месцы стараж. шахтаў па здабычы К. (неаліт — бронзавы век) каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. створаны Краснасельскі археалагічны комплекс.

У.​Я.​Бардон.

Крэмень.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)