Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАК (лац. Cancer),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркая зорка 3,5 візуальнай зорнай велічыні; 60 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і Р. знаходзіцца бачнае простым вокам рассеянае зорнае скопішча М44 (Яслі). Імем Р. названы паўн. тропік Зямлі. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК (Павел Мікалаевіч) (23.8.1910, с. Карпілаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 30.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваенна-паліт. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце. Экіпаж танка ў складзе камандзіра лейт. Р., механіка-вадзіцеля А.А.Пятраева, радыста А.І.Данілава вызначыўся 30.6.1944 пры вызваленні г. Барысаў, калі, прарваўшыся ў горад, 17 гадз вёў бой, разграміў камендатуру, штаб, падбіў 2 танкі ворага, вызваліў 200 ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве экіпажу танка пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК (лац. cancer),
злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рак Р. 6/116
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Рак А. (спявак) 11/332
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Рак раслін 2/464; 4/49; 9/79—80
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАК РАСЛІ́Н,
група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.
Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.
Л.М.Прыступук.
Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).