РАЙТ з Дэрбі

(Wright of Derby) Джозеф (3.9.1734, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 29.8.1797),

англійскі жывапісец. Вучыўся ў Лондане (1751—53, 1756—57). Працаваў у Дэрбі, Баце. Зазнаў уплыў караваджызму. У творчасці выявіў тэндэнцыі перадрамантызму. Адзін з першых звярнуўся да прамысл. тэматыкі, адлюстроўваў сцэны працы, навук. доследаў і інш. з выкарыстаннем эфектаў начнога асвятлення: «Лекцыя пра Сонечную сістэму» (каля 1763—65), «Дослед з паветранай помпай» (1768), «Кузня» (1771), «ілюмінацыя замка св. Анёла», «Вывяржэнне Везувія» (абедзве 1774—75) і інш.

Дж.Райт. Кузня. 1771.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ (Wright),

амерыканскія авіяканструктары і лётчыкі, піянеры авіяцыі, браты Уілбер (16.4.1867, г. Мілвіл, штат Індыяна, ЗША — 30.5.1912) і Орвіл (19.8.1871, г. Дэйтан, штат Агайо, ЗША — 30.1.1948). Пабудавалі некалькі планёраў біпланнай схемы (1900—03), на якіх выканалі каля 1 тыс. палётаў. 17.12.1903 ажыццявілі першы ў свеце палёт на планеры з рухавіком унутр. згарання працягласцю каля 1 мін. Удасканалілі канструкцыю самалёта і давялі працягласць палёту да 1,5 гадз (1904—08). Авалодалі майстэрствам пілатавання самалёта ў палёце і пры спуску на зямлю з выключаным маторам. Здзейснілі першы палёт з пасажырамі на борце (1908). У 1909 стварылі ў ЗША кампанію па вытв-сці самалётаў.

О.Райт.
У.Райт.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ ((Wright) Франк Лойд) (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),

амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.​Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.​Р.​Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.​Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл. гл. таксама да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.

Літ.:

Гольдштейн А.Ф. Ф.​Л.​Райт. М., 1973.

С.​А.​Сергачоў.

Ф.Л.Райт.
Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Райт Б. 3/231

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Райт О. 1/64

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Райт Р. 4/579

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Райт С. 11/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Райт У. 1/64

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Райт Дж. 3/229, 228—229 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Райт М. В. 11/494

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)